Лельчыцы — Пад Кіевам
Паводле летапісных звестак, у 882 г. наўгародскi князь Алег пайшоў з дружынаю ў паход на Кіеў, забiў мясцовых князёў Аскольда i Дзiра і сам стаў там княжыць. Забітыя, мажліва, былi баярамi Рурыка, якія самі ўчынялi паходы на драўлян і полацкiх крывiчоў.
У наступным годзе гэты ваяўнiчы князь накіраваў сваю дружыну да берагоў Прыпяцi. Тут, сярод лясоў, вольныя драўляне сустрэлi яго са зброяй, але перамога дасталася Алегу. Драўлянскi люд абавязаўся яму плацiць данiну: па чорнай кунiцы з дыма. Верагодна, драўляне захавалi аўтаномiю, бо i пазней упамiнаюцца мясцовыя драўлянскія князi. Па смерцi Алега ў 912 г. княжацкi стол у Кiеве заняў сын варажскага князя Рурыка — Iгар. Драўляне скарысталiся гэтым i «зачынiлiся» ад Кiева, але праз два гады ўжо князь Iгар са сваёй дружынай зноў пакарыў Драўлянскую зямлю. Уцiхамiрыўшы драўлян i павялiчыўшы памер збiранай з iх данiны, кiеўскi князь, аднак, па-ранейшаму пакiнуў аўтаномiю i мясцовых князёў. Узброеныя сутычкi памiж кiеўскай дружынай i драўлянамi, якiя прагнулi стаць незалежнымi, узнавіліся ў 942 г. У гэты час састарэлы князь Iгар замест сябе часта па данiну пасылаў сваiх ваяводаў. Магчыма, як здабычай на вайне, так i данiнай з падуладнага насельнiцтва князь дзялiўся са сваёй дружынай.
У 945 г., сабраўшы штогадовую данiну з драўлян, кiеўскi князь Iгар не задаволiўся ёю i з малою дружынаю вярнуўся на Драўлянскую зямлю. Ёсць звестка, што іншая данiна з драўлян збiралася для хазараў, ад якiх Кiеўскае княства яшчэ ў гэты час залежала. Летапiс падае, што драўляне выйшлі са свайго горада Iскорасценя і забiлi Iгара. Як апавядае вiзантыйскi гiсторык, гэтага няшчаснага князя прывязалі да двух дрэў i разарвалi папалам.
У 946 г. жонка Ігара княгіня Вольга з сынам сваім Святаславам сабрала шмат харобрых вояў і пайшла на Драўлянскую зямлю. Драўляне выйшлі супраць, але былі пераможаныя, пабеглі і зачыніліся ў гарадах сваіх. Кіеўская дружына рушыла на Іскорасцень. Летапіс падае, што стаяла Вольга год і не магла ўзяць горада, і прыдумала яна хітрасць, каб яго падпаліць. «І пабеглі людзі з горада, і загадала Вольга воям сваім хапаць іх, і, заняўшы горад, спаліла яго і захапіла старэйшын гарадскіх, а іншых людзей — адных перабіла, а другіх аддала ў працу сваім мужам [дружыннікам], а астатніх прымусіла плаціць даніну. І налажыла на іх даніну цяжкую… І пайшла Вольга па Драўлянскай зямлi з сынам сваiм i з дружынаю, устанаўляючы статуты i ўрокi і там станавiшча яе i ловiшча…»
У старажылаў в. Глушкевiчы Лельчыцкага р-на існуе паданне пра Кацярыну, у вобразе якой выступае жорсткая кiеўская княгiня Вольга: Яна «ваявала, людзей забiвала, што не па ёй — смерць рабiла супрацiўнiкам». Насыпанне курганоў-могiльнiкаў ва ўр. Курганы ў наваколлi в. Мiлашэвiчы Лельчыцкага р-на мясцовае паданне таксама звязвае з паходам Вольгi на драўлян 946 г.: «Наляцелi лютыя, людзей выразалi, заганялi iх у балота-твань. Тады людзi, якiх Вольга выразала, ратавалiся на Лавунi, сярод азёр-балот i багны непраходнай, куды коннiкi не маглi дабрацца. А загінулых у час нашэсця ваяўнiцы Вольгi хавалi ў насыпах-курганах».
Па смерцi сваёй мацi княгiнi Вольгi ў 969 г. кiеўскi князь Святаслаў пасадзiў сыноў сваiх удзельнымi князямi: Яраполка — у Кiеве, Алега — у Драўлянскай зямлi; малодшы сын Уладзiмiр крыху пазней быў закліканы на княжацкi пасад наўгародцамi. З iмем оўруцкага князя Алега Святаславiча звязана заснаванне Олеўска, якi на той час называўся Алегавым гарадзiшчам. Здарылася так, што ў 977 г. Яраполк сабраў дружыну ў паход на «Деревьску зямлю» супраць брата, захапiў горад Уручый і падпарадкаваў гэты ўдзел Кіеву.
У 988 г. кіеўскі князь Уладзiмiр зноў выдзяляе (як раней яго бацька Святаслаў) сваім сынам асабiстыя дробныя ўдзелы ў межах ранейшых княжанняў і Драўлянская зямля дастаецца Святаславу. У Оўручы Уладзімір пабудаваў царкву св. Васіля, рэшткі якой яшчэ захоўваліся тут на пачатку XX ст. Мяркуючы па летапiсах, залежнасць удзельных княстваў ад Кiева абмяжоўвалася толькi штогадовай данiнай, але такiя плацяжы мацнейшым суседзям былi звычайнай з’явай тых часоў. У 1136 г. северскія князі Алегавічы з полаўцамі перайшлі на правы бераг Дняпра і пачалі ваяваць «от Треполя около Красна, и Васильева, и до Белагорода, оли же до Киева и по Желане, и до Вышьгорода, и до Дерев (курсіў мой. — А. А.), через Лыбедь стремяхуся». Пад гэтым самым годам летапiс падае, што кiеўскi князь Яраполк падараваў частку драўлянскiх зямель Дзесяцiннай царкве ў Кiеве. Дарэчы, гэта апошняе летапіснае ўпамінанне драўлян як этнасу, бо пазнейшыя сведчанні тычацца ўжо «Деревьскай зямлі» як геаграфічнага аб’екта. Пад 1155 г. летапіс упершыню ўпамiнае Мазыр. Вялiкi князь кіеўскі Юрый Даўгарукi дзеля забеспячэння лаяльнасцi свайго саюзнiка перадаў гэты горад чарнiгаўскаму князю Святаславу Алегавiчу. У 1157 г. на вялiкае княжанне ў Кiеў пераходзiць чарнiгаўскi князь Iзяслаў Давыдавiч i з патрабавання яго братоў адбываецца перадзел Чарнiгаўскай зямлi. Верагодна, у гэты час Мазыр адышоў пад уладу Кiева, бо ў 1159 г. Iзяслаў Давыдавiч зноў перадае яго чарнiгаўскаму князю Святаславу Алегавiчу. Гiсторыя Тураўскага княства наогул вельмi малавядомая. Гэта звязана з тым, што не захавалiся мясцовыя летапiсы, а магчыма, з тым, што Тураўскае княства ў складзе старажытнай Русi мела значную палiтычную вагу толькi кароткі час (з канца X да сярэдзіны XII ст.) i таму мала прываблiвала ўвагу летапісцаў. Тураў ляжыць на ўзбярэжжы сярэдняй плыні Прыпяцi, якая была вельмi значным гандлёвым шляхам i звязвала Палессе з Дняпроўскiм водным шляхам «з варагаў у грэкi», болей таго, яна злучала Русь з заходнiмi дзяржавамi. Непадалёк ад Турава ўпадаюць у Прыпяць Гарынь i Убарць, па якiх праходзiлi шляхi на поўдзень, у землi драўлян i валынян. Шляхi зносiн па вадзе адыгрывалi значную ролю ў рассяленнi плямёнаў i каланiзацыi новых зямель. Ва ўмовах вельмi забалочанага Палесся iх значэнне цяжка пераацанiць. Часта рэкi заставалiся адзiна магчымымi шляхамi зносiн.
У сярэдзіне ХІІ ст. Тураў і Пінск, напэўна, належалі да аднаго княства, якім валодаў Юрый Яраславіч. Да канца XII ст. яго сыны ўтваралi адзiную сямейную групу, а потым унукi падзялiлi вотчыну, у склад якой уваходзiлi Тураў, Пiнск, Давыд-Гарадок, Нобель i Дубровiца. Мазыр жа з сярэдзіны XII ст. стала адышоў да Кіеўскага княства, і палеская мяжа памiж ім і Тураўскiм княствам праходзiла, мажліва, прыкладна ўздоўж ракi Убарць.
У 1169 г. Драўлянская зямля канчаткова аддзялілася ад Кіева ў самастойнае княства (Оўруцкае), дзе княжыў спачатку Рурык Расціславіч, а потым яго сын Уладзімір. Але, згодна з Васкрэсенскім летапiсам, у спiсе гарадоў Оўруч («Вручьи») паказаны ў лiку кiеўскiх. Князь оўруцкi і наўгародскi Рурык Расцiславiч з 1180 г. шматразова з перапынкамi займаў і кiеўскi стол. Пасля аднаго са згонаў з гэтага княжання ён у 1203 г. пры дапамозе Алегавiчаў i полаўцаў узяў Кiеў «на шчыт», горад зазнаў страшэнны рабунак; у цэрквах не засталося нiводнай лiтургiйнай пасудзіны. Пасля гэтай ліхой дзеі Рурык не захацеў сесцi ў няшчасным горадзе, разрабаваным ім пад уплывам помсты, i «изидоша половци во свояси… а Рюрик Ростиславич во Вручев» — свой спадчынны горад. Але тут ён быў узяты ў аблогу сваiм зяцем, галiцкiм князем Раманам Мсцiславiчам, i хутка вымушаны быў прасiць у яго мiру, вынiкам якога быў пострыг i змяшчэнне ў манастыр. Толькi пасля смерцi зяця ў 1205 г. Рурык Расцiславiч cкiнуў расу i зноў сеў у Кiеве.