Вецер пераменаў
Зноўку у мясцовай прэссе з’явіўся выдатны артыкул Анатоля КАШЭВІЧА з в. Чырвонабярэжжа. Нажаль, у апошніх абзацах аўтар спужаўся сваёй смеласці і напісаў нейкую бязглуздзіцу пра прэзідэнта і ўрад, а ў асноўным усё правільна:
Давайце хоць бегла ўспомнім, як і чым мы жылі раней і вырашым – аб чым з нашага мінулага можна і трэба шкадаваць, а аб чым – не. Ці праўда, што жылося нам так добра ў СССР, а калі праўда, то чаму?
Каля 40% ад агульнай колькасці прадпрыемстваў не прыносілі прыбытак, а былі стратнымі. Разрастаўся бюракратычны апарат і пры гэтым ніводзін пяцігадовы план не быў выкананы.
Дык адкуль жа тая настальгія, уяўленне аб поўным дастатку? Адкуль было ўзяцца ўсяму гэтаму, калі ў 1980 годзе страты па малаку ў сельскай гаспадарцы былі 9%, свініне – 20%, птушцы – 14%. Па дарозе ад поля да крамы гублялася 20% зерня, 40% бульбы, 1/3 агародніны. У 1987 г. удзельная вага імпарту складала па маслу – 19,7%, па мясу – 6,6%, па алею – 22,5%, цукры – 25,5%. Вось чыё масла мы елі. А больш за ўсё плавілі яго, каб выканаць даведзены да кожнага план па малаку.
У нас нічога больш не куплялі апрача нафтапрадуктаў. 200 млрд нафтадолараў было праедзена. Мы запускалі ў космас касманаўтаў, але не навучыліся шыць адзенне і вырабляць макароны. Выраб зброі быў залішнім, а яе экспарт за мяжу павялічваў іх доўг нашай краіне.
Паўсюдныя чэргі, талонна-размеркавальная сістэма, пераход на натуральны абмен: зерне на машыны, газетную паперу на агародніну, паліва на адзенне. І гэта ўсё адбывалася раней Белавежскага пагаднення.
Татальная ідэалагізацыя культуры душыла ўсё крытычнае, але пакідала шэрае, безаблічнае, казённае. І што, уся гэта бездухоўнасць пачалася адразу пасля аб’яўлення незалежнасці? Аб гэтым трэба шкадаваць і жадаць вярнуць назад? Пасля аб’яўлення незалежнасці многія народы зразумелі, што адрадзіцца можна толькі на нацыянальнай ідэі, што ў сваёй маленькай асабістай хаце намнога лягчэй навесці парадак, чым у вялікай агульнай камунальнай кватэры. Гэта зразумелі і мы – беларусы, праўда, крыху пазней.
Напачатку нам падсунулі “пустышкі” – карткі спажыўцоў і талоны, якія амаль не выкарыстоўваліся з-за недахопу прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў і тэхнікі. За мяжу пацяклі статкі жывёлы, каб “здацца” там па больш высокіх закупачных цэнах. Праўда, на імгненне мы ўбачылі тавары, якія датаваліся з нашых кішэняў і аб існаванні каторых мы нават не здагадваліся, але гэта былі толькі імгненні. Тыя людзі, якія аказаліся бліжэй да размеркавальнага “карыта” ў той час, сёння працягваюць будаваць палацы, значна пабудавалі іх і раней.