Лельчыцы — Хрысцiянства

У зборніку апавяданняў «Кiева-Пячэрскi пацярык» (1105 г.) прыведзена ўстаноўчая грамата епіскапскай кафедры ў Тураве, нібыта дадзеная ад iмя кiеўскага князя Уладзiмiра ў 1005 г., з пералiкам «гарадоў i пагостаў», што ўвайшлі ў склад гэтай епiскапiі. Гэта паклала пачатак шырокаму распаўсюджванню хрысцiянства сярод палешукоў. Святароў напачатку было мала, і таму насельніцтва, асабліва жыхары сельскіх паселішчаў, яшчэ доўгі час успрымалі хрысціянскую веру вонкава і павярхоўна, а магчыма, і варожа. Як сведчаць археалагічныя даследаванні, язычніцтва панавала сярод палешукоў амаль да канца XIII ст. У тураўцаў існавала паданне пра старажытны каменны крыж, які прыплыў сюды па рацэ. Калі жыхары хацелі яго спыніць, то рака пакрылася крывёю. У. З. Завітневіч бачыў у гэтым намёк на распаўсюджванне хрысціянства агнём і мячом. Знішчыць язычнiцтва канчаткова, зразумела, было немагчыма, пэўныя элементы яго існуюць і цяпер. Больш за тое, хрысцiянства ўспрыняло i зрабiла сваiмi шмат формаў язычнiцкіх культаў і напоўнiла iх новым зместам.

$IMAGE1$
Каменная баба (крыж) каля в. Данілевічы. Фота. 1999 г.

$IMAGE1$
Помнік язычніцкіх абрадаў — упрыгожаная жыхарамі в. Баравое каменная баба ва ўрочышчы Баба (Камень). Фота. 1999 г.

Хрысціянская царква ў той час была адзінай, хоць ужо ўсталяваліся ўсходні (грэка-праваслаўны) і заходні (рымска-каталіцкі) абрады веравызнання. Так, ёсць звестка, што пры ўзяцці шлюбу (1010 г.) тураўскага князя Святаполка з дачкой польскага караля Баляслава разам з нявестай прыехаў яе духоўнiк, нямецкі пастыр новаўтворанага бiскупства калабжэгскага Рэйнберн, якi пасялiўся на княжацкiм двары i нядоўгі час займаўся мiсiянерствам — хрышчэннем тураўцаў паводле каталiцкага абраду. Вялікі князь Уладзімір даведаўся пра гэта і пасадзіў сына з жонкай і нямецкім пастырам у склеп, дзе апошні і памёр. Польская крынiца сведчыць пра заснаванне епiскапства ў Тураве ў 1072 г.

Першым тураўскiм епiскапам стаў Фама, а з наступных iерархаў вядомы Сiмяон. Гiстарычна вядомыя епiскапы Кiрыла I (1114-1126), грэк Iгнацiй (згадваецца ў 1137 г.), Якiм (1144), Георгiй, Iаан (1146), Якiм, Св. Кiрыла II (каля 1169-1182) i Лаўрэнцiй (з 1182 г.). Гэты шэраг тураўскiх епiскапаў з канца XII ст. перарываецца. Магчыма, у часы мангола-татарскага нашэсця i лiтоўскiх войнаў Тураўская епархiя не існавала. У сiнодзіку Старажавецкай царквы запiсаны iмёны iерэяў, якiя загiнулi ад рук татараў пры разбурэннi Турава, а таксама iмёны 11 епiскапаў памiж 1182 i 1390 гг.: Васiль, Данiіл, Цiмафей, Дзмiтрый, Пётр, Дзiянiсiй, Яфрэм, Кiпрыян, Насон, Iсаакiй, Яфрэм, Аляксiй, Яфрэм, Цiхан, Iона. Падкрэсленыя iмёны пералiчаны ў сінодзіку Турава-Варварынскай царквы — гэта iмёны маскоўскiх мiтрапалiтаў. Дарэчы, сінодзік згадвае мучаніка Дзіянісія, які прыйшоў з Кіева ў Тураў пашыраць хрысціянскую веру, але быў забіты дзікім племем яцвягаў — «мехнаўцамі паганымі», што значыць, верагодна, ідалапаклоннікамі. У тыя даўнія часы, паводле падання, у адным толькi Тураве было 75 (!) цэркваў. Найбольш вядомыя старажытныя Барыса-Глебскi мужчынскi i Варварынскi жаночы манастыры ў Тураве, манастырок (цi Пустынька Аголiцкая) паблiзу Петрыкава, Петра-Паўлаўскi мужчынскi i Параскевы жаночы манастыры ў Мазыры. Варварынскi манастыр быў заснаваны жонкай тураўскага князя Святаполка Iзяславiча, у якiм яна жыла з дзецьмi пасля смерцi мужа. Важнымi помнікамі тагачаснага культурнага жыцця з’яўляюцца Тураўскае Евангелле (XI ст.) і творы Кірылы Тураўскага (XII ст.). Дагэтуль пры старых шляхах, каля вёсак, на могiлках i ў i ншых мясцiнах можна сустрэць культавыя камянi альбо крыжы, высечаныя з каменных валуноў. На некаторых з iх бываюць лiтары, надпiсы, знакi. Да некаторых камянёў i cёння носяць ахвяры: манеты, ручнiкi, кветкi. Аб iх апявадаюць легенды. Ёсць такiя камянi каля вёсак Баравое, Глушкавiчы, Данiлевiчы, Забалоцце, Мiлашэвiчы, Рубеж, Сiманiчы, Тонеж.

Читайте также: