Лельчыцы — Драўляне
Што да этнiчнага складу жыхароў Палесся, то, згодна з археалагічнымi даследаваннямi і старажытнымi пісьмовымi звесткамi, у VI-IX стст. на Валыні і ў Пабужжы склаўся старажытны Дулебскі саюз славянскіх плямёнаў. У першай палове VII ст. дулебы вялi вайну з аварскiмi плямёнамi і пасля аднаго з цяжкiх нашэсцяў іх саюз распаўся; частка дулебаў цi iншых славянскiх плямёнаў прыкладна на мяжы VIII-IX стст. перасялiлася на поўнач ад р. Прыпяць. Даследчыкі лічаць, што з дулебаў выйшлі чатыры племянныя групоўкі — валыняне, драўляне, паляне і дрыгавічы, якія, паводле звестак пазнейшых рускіх летапісаў, аб’ядналіся ў палітычныя саюзы — «княжанні». Межы іх рассялення археолагі вызначаюць па рэштках пахавальнай абраднасці ў курганных могільніках.
Убарцкае Палессе трапляе ў рэгіён рассялення драўлян — усходнеславянскага племяннога аб’яднання, якое склалася ў VIII-X стст. у міжрэччах Прыпяці, Гарыні, Случы, Цецерава, Дняпра. Вызначэнне дакладных межаў, зразумела, немагчымае, і калі на поўначы iснавала больш натуральная мяжа — Прыпяць, то паўднёвая акрэслiвалася Чортавым лесам, якi распасцiраўся ад Вужа да Случы (тут яшчэ ў XIII ст. упамiнаецца р. Дзярэўная62). Сама iх, драўлян, назва ад дрэў («зане седоша ў лесех») уяўляе хутчэй за ўсё народна-этымалагiчнае тлумачэнне назвы63. Побач з назвай «драўляне» ў старажытных усходнеславянскіх летапісах сустракаюцца назвы «дзерэўляне», «дзерэўля», «дзерэва».
Вядома, што да X ст. драўляне паводле старажытнага звычаю перад пахаваннем найчасцей спальвалі цела памерлага. Толькі пасля крэмацыі рэшткі трупаспалення і ўрны з прахам змяшчалі ў грунтавы могільнік ці пад курганны насып у верхняй частцы ці на гарызонце, па 1-3 пахаванні ў кургане, пазней — па адным. З канца X ст. звычай крэмацыі паступова быў выціснуты звычаем пахавання няспаленых целаў. Нябожчыка клалі на гарызонце (часта ў драўлянай труне або калодзе, галавой на захад) і над ім насыпалі курган. Пазней трапляюцца ямныя падкурганныя трупапалажэнні. Асаблівасць драўлянскiх курганоў — наяўнасць над пахаваннямі попелу і вугольчыкаў. Відавочна, у гэтым рэгіёне быў пашыраны рытуал распальвання агню пасля пахавання. Пахавальны інвентар складаецца з пярсцёнкападобных скроневых кольцаў, шкляных і сердалікавых пацерак, лунніц, бразготак, бронзавых гузікаў, жалезных нажоў, крэсіваў, тачыльных брускоў, жалезных абручоў і дужак ад драўляных вёдраў. У драўлянскiх курганах зброя сустракаецца вельмi рэдка, затое ў вялiкай колькасцi ў iх знойдзены сярэбраныя i бронзавыя пацеркi фiлiграннай работы, усеяныя дробным бiсерам. Пахаваннi ў ямах распаўсюдзiлiся толькi з сярэдзiны XII ст. і, як лiчаць некаторыя даследчыкi, насыпка курганоў над пахаваннямi сведчыць пра доўгае захоўванне язычнiцкiх перажыткаў у мясцовага насельнiцтва, якое ўпарта супрацiўлялася пашырэнню хрысцiянства.
На тэрыторыі Лельчыцкага р-на налічвалася 23 пераважна невялікія курганныя групы65. Іх насыпы звычайна маюць вышыню ад 0,3 да 2,5 м і дыяметр — да 17 м. Чым старэйшы курган, тым ён мае большы дыяметр пры меншай вышынi i больш расплывiсты паводле абрысу. Курганы адрознiваюцца формай (круглявыя цi падоўжныя), памерамi, унутранай будовай, паставай нябожчыка, абрадам пахавання (трупаспаленне, трупапалажэнне), характарам пахавальнага iнвентару. Сустракаюцца курганы без пахаванняў, насыпаныя дзеля ўшанавання тых, хто памёр цi загiнуў на чужыне. Трэба адзначыць, што сярод даследаваных у вярхоўях Убарці драўлянскіх курганных могільнікаў (Андрэевічы, Зубкавічы, Лапацічы, Олеўск, Цепеніца) маюцца насыпы, абкладзеныя камянямі ці выбрукаваныя. Такія каменныя канструкцыі не маюць аналогіі ў курганных старажытнасцях паўднёва-заходняй групы ўсходніх славян. Магчыма, на Убарці, ва ўсялякім разе ў яе вярхоўях, пэўны час разам з драўлянамі жылі прыбалтыйскія (яцвяжскія) плямёны, для якiх характэрны каменныя курганныя канструкцыі.
Курганы поўнасцю змяняюцца грунтавымi магiламi толькі ў XIII ст. Ёсць курганы, час iснавання якiх цяпер цяжка вызначыць, а некаторых — ужо i немагчыма. Болей за тое, шмат курганоў наогул не захавалася. «Уся абшара мазырскай акругi ўсеяна шматлiкiмi курганамi, магiльнымi насыпамi — помнiкамi старажытнай аселасцi ў гэтым краi, сведкамi розных палiтычных сутыкненняў i ваенных пабоiшчаў; кожны з гэтых курганоў мае сваю легенду, свой летапiс, аповесць, якія захаваліся ў вуснах народа і надалі потым некаторым з iх каларыт фантастычны, казачны. Да кожнага магiльнага насыпу прымяркоўваецца тая цi iншая характэрная племянная назва, засвоеная потым невялiкiмi выселкамi, раскiнутымi ў суседстве з гэтымi славутымi мясцовасцямi», — пiсаў у 1859 г. краязнаўца П. М. Шпiлеўскi пад час свайго падарожжа па Палессі.
«За Убарцю пайшлi яшчэ далей глухiя, лясiстыя месцы… Месцамi ў лесе, уздоўж дарогi трапляюцца цэлыя сотнi невялiкiх насыпаў — па-тутэйшаму капцоў, — якiя ўжо параслi векавымi соснамi. Гэта месцы пахавання насельнiкаў Палесся, якiя загiнулi ў многiх бiтвах з рознымi супернiкамi, пачынаючы з дружыннiкаў кiеўскiх князёў, канчаючы палякамi, шведамi i французамi. Тысячы такiх капцоў сустракаюцца па ўсім Палессі; у iх знаходзяць зброю i розныя ўпрыгожаннi», — пiсаў у 1875 г. другi вандроўнік па гэтых мясцінах В. М. Маракуеў. На жаль, шмат легендаў i паданняў пра курганы да нашых дзён у вуснах народа не захавалася.
Курганы XI-XIII стст. у парэччы Убарці выяўлены каля вёсак Баравое, Белакаровічы, Гольшы, Даўгаселле, Зольня, Лапацічы, Мілашэвічы (Мілашэвічы-1), Палонічаў, Рудня (Олеўскі р-н), Тонеж (датуецца сярэднявеччам), Цепенiца. Апрача курганоў археолагамі зафіксаваны паселішчы, якія датуюцца IX-XIII стст. Выяўлены яны каля вёсак Глушкевічы, Мiлашэвiчы (ур. Сельская Нiўка, датуецца XI ст.), Маркоўскае, Тартак (Тартак-1, -2, -3), Асянское, Ліпляны (Ліпляны-6, датуецца XII-XIII стст.), Ліснае, Майсеевічы (ур. Мардзвінскае Стойла). Выяўлены таксама гарадзішчы каля в. Манчыцы (датуецца сярэднявеччам) і, магчыма, каля в. Убарцкая Рудня (два гарадзішчы).
Дарэчы, на селішчы каля Майсеевічаў знойдзены фрагмент ажурнай срэбнай падвескі, якія вырабляліся ў далёкай Скандынавіі. Захавалася яе верхняя палова з выявай фантастычных драпежнікаў, целы якіх перапляліся ў смяротным адзінаборстве. Гэтая ды іншыя знаходкі даюць падставу меркаваць пра існаванне ў IX-X стст. кантактаў тутэйшых жыхароў з вікінгамі.
Трэба падкрэсліць, што значных даследаванняў на гэтых селiшчах не рабiлася. На iх знойдзены ў асноўным рэшткi ганчарнага посуду. Памер ўсходнеславянскага сельскага неўмацаванага селішча IX-XIII стст. складаў ад 0,5 да 2 га. На гэтай плошчы ўздоўж берага ракі, возера 1-3 шэрагамі ці скучана на мысах, выспах стаяла каля 5-7 двароў, дзе жылi 15-20 чалавек. Такая вёска разам з некалькімі суседнімі складала грамаду. Пры раскопках усходнепалескіх раннесярэднявечных паселішчаў звычайна выяўляюцца аднатыпныя аднакамерныя наземныя зрубныя жытлы блізкай да квадрата формы са сценкамі каля 4 м даўжыні. Побач стаялі гаспадарчыя пабудовы крыху меншых памераў. Зрубы рабіліся з хваёвых ці, зрэдку, бярозавых бярвёнаў таўшчынёй 15-20 см. У заднім куце майстравалася глінабітная невысокая печка. Галоўным заняткам жыхароў сельскіх паселішчаў было земляробства. Што сабой уяўлялі ўмацаваныя гарадзішчы, відаць з наступнага паведамлення:
«У цёмным дубовым лесе на адлегласцi 10 вёрстаў ад Турава на ўсход за вёскай Азяраны захоўвалiся яшчэ ў сярэдзiне XIX ст. рэшткi старажытнага гарадзiшча, вядомага больш пад назвай Гарадзец. На яго валах раслі дубы, якія перажылі ўжо не адно стагоддзе. Жыхары Азяранаў бачылi дубовыя слупы там, дзе былi некалi вароты ў гарадзiшча. Кажуць, што аднойчы з гэтага гарадзiшча карова, якая там пасвiлася, прынесла вялiкi вiсячы замок. Гарадзiшча складалася з двух круглых валоў, памiж якiмi ўтвараўся даволi глыбокi роў. У сярэдзiне знаходзiлася плошча, узровень якой трохi нiжэйшы за хрыбет вакольных валоў. Ад гэтай плошчы памiж валамi праходзiла роўна высыпаная дарога шырынёй каля сажня, якая знаходзiлася з паўднёвага боку гарадзiшча».
Драўляне займалiся пераважна паляваннем, а таксама земляробствам, жывёлагадоўляй i гандлем. Па рэчах, знойдзеных археолагамi, можна меркаваць, што яны ўмелi ўжо ткаць на кроснах, ведалi бандарную i ганчарную справу, займалiся апрацоўкай жалезнай руды. Жылi тыя людзi ў неўмацаваных паселiшчах, забудаваных паўзямлянкамi з печамi ўсярэдзiне, гарадзiшчамi карысталiся як сховiшчамi.
З пашырэннем ворыўнага земляробства, аддзяленнем ад яго рамяства родавая грамада паступова пераўтваралася ў сельскую (ці тэрытарыяльную), якая аб’ядноўвала не кроўных родзічаў, а суседзяў і называлася мiрам, вераўю ці грамадой. Члены грамады былi звязаныя ўзаемнай адказнасцю за вынiкi гаспадарчай дзейнасцi, захаванасць i размеркаванне грамадавай уласнасцi, падтрыманне нормаў звычаёвага права. Склалiся ўмовы для фармавання сталай дружыны, развiўся лад ваеннай дэмакратыi; гэта былі часы ваенных нападаў i рабункаў.
Цэнтрам Драўлянскага княжання быў старажытны горад Iскорасцень (Корасцень), дзе жыў князь i старэйшыны з мясцовай родавай знацi. Гарады i ўмацаваныя гарадзiшчы драўляне будавалi на высокiх, цяжкадаступных месцах: Уручый («Вручий», цяпер Оўруч, упершыню згадваецца пад 977 г.), Гарадок (каля Корастышава), Малiн (паводле падання — рэзiдэнцыя драўлянскага князя Мала), Жытомір (заснаваны ў 884 г.) i iнш. Усяго на тэрыторыі драўлянскага арэала выяўлена 20 гарадзішчаў. Варта заўважыць, што ад Оўруча да мястэчка Лельчыцы ўсяго каля 80 км.
На ўсходзе драўляне межавалі з палянамі, на захадзе па Случы — з валынянамі і бужанамі, на поўначы — з дрыгавічамі, ад якіх аддзелены былі балотамі шырынёй 50-60 км уздоўж правага берага Прыпяці. Рускі археолаг В. В. Сядоў на падставе матэрыялаў археалагічнага даследавання курганных могільнікаў уздоўж Прыпяці зрабіў выснову, што «правы бераг гэтай ракі бясспрэчна быў дрыгавіцкім». Памежнаю паласою паміж драўлянскім і дрыгавіцкім арэаламі служылі шырокія балоцістыя малазаселеныя абшары на поўдзень ад Турава. Берагі ніжняй Убарці і яе прытокаў хутчэй за ўсё былі кантактнымі. Нават у вярхоўях Убарці трапляюцца курганы (Андрэевічы, Олеўск) з характэрнымі для дрыгавічоў зярністымі пацеркамі. Але непасрэдныя летапiсныя сцверджаннi аб прыналежнасцi гарадоў Уручый i Іскорасцень драўлянам i вiдавочнае пераважанне могiльнiкаў з драўлянскiм абрадам пахавання не дазваляюць гаварыць пра засяленне вярхоўяў Убарцi дрыгавiчамi. У паўднёва-ўсходняй частцы зямлі дрыгавiчоў пахаванне ў яме сустракаецца значна часцей, чым у астатнiх раёнах, тым не менш нават тут большасць курганоў сведчыць пахавальны абрад трупапалажэння на гарызонце, тварам угару, галавой на захад.
Дрыгавiчы жылi сярод лясоў i балотаў. Таму i назва іх паходзіць, верагодна, ад слова «дрыгва» (балота). Цэнтрам Дрыгавiцкай зямлi з’яўляўся старажытны горад Тураў (упершыню згадваецца ў 980 г.), які займаў паноўнае становiшча ў сярэдзiне ўзвышанай i параўнальна шчыльней заселенай тэрыторыi ў парэччы Прыпяцi i нiжняй плыні Сцвiгi. Ад Турава да мястэчка Лельчыцы ўсяго каля 60 км.
Нельга не ўлiчваць таго, што раней у славянскiх плямёнаў было больш падабенстваў i менш адрозненняў у мове, вераваннях, звычаях, занятках i наогул у жыццi, чым у блiжэйшыя да нас часы. Мяжа памiж землямi рассялення плямёнаў нiколi не была вельмi выразнай, яна ішла даволi шырокай паласой суседскага пранiкнення, перамяшання i ўзаемнага ўздзеяння. Гэта не азначае, што размежавання памiж драўлянамi, з аднаго боку, i дрыгавiчамi, з другога, зусiм не было або мяжа была расплывiстая, невыразная, зусiм размытая. У сапраўднасці мяжа была даволi выразная i досыць трывалая, толькi не вакольная, вонкавая, а ўнутраная, чалавечая. Тагачасныя надзвычай суровыя, цяжкiя ўмовы жыцця прымушалi кожнага чалавека моцна трымацца сваёй сям’i, роду, племя. Аб’ядноўвала ж саюзы плямёнаў агульнасць мовы, агульнасць асноўных язычнiцкiх багоў i агульнасць гандлёвых мясцiн. Разам з тым плямёны мелі i свае асаблiвасцi. Жылi яны асобна адно ад аднаго, кожнае на сваім месцы са сваiмi норавамi, звычаямi i паданнямi. Пра асаблівасці звычаяў драўлян можна меркаваць паводле пазнейшага аповеду кiеўскага летапiсца: «А древляне живяху звериньским образом, живуще скотьски: убиваху друг друга, ядаху вся нечисто, и брака у них не бываше, но умыкиваху у воды девиця».
Дарэчы, дадатковыя дадзеныя пра межы рассялення славянскіх плямёнаў можна ўзяць з матэрыялу да «Лексічнага атласа правабярэжнага Палесся». Паводле яго, сучаснае насельніцтва Убарцкага Палесся групуецца на тры гаворкі: тураўскую, сярэдняўбарцкую (Олеўскую) і верхняўбарцкую. Іх аналіз даў аўтару атласа падставу гаварыць пра адсутнасць дыялектных зон — аб’яднання некалькіх груп гаворак, — якія замыкаліся б унутры толькі драўлянскай ці дрыгавіцкай тэрыторый. Драўляне і дрыгавічы ўяўлялі этнамоўнае адзінства, якое да VIII ст. вызначалася на правабярэжжы Прыпяці, а потым, пачынаючы з ХІІІ ст., толькі паўночная група плямёнаў вылучылася з драўлянскай супольнасці і перайшла левабярэжжа Прыпяці, дзе пражывала балтамоўнае насельніцтва. Аўтар атласа мяркуе, што драўлянскае насельніцтва падзялялася на дзве этнадыялектныя групы — паўночную (правабярэжнапрыпяцкую) і паўднёвую (уласна кажучы, правабярэжнапалескую, ці ўкраінскапалескую). Гаворкі паўночнага правабярэжнапрыпяцкага масіву, якія адрозніваліся ад паўднёвадраўлянскіх менавіта тымі рысамі, што раднілі іх з дрыгавіцкімі гаворкамі, сталі добрым асяроддзем для засвойвання беларускіх уплываў пазнейшага часу, у выніку чаго на правабярэжжы Прыпяці ўзніклі пераходныя беларуска-ўкраінскія гаворкі.