Лельчыцы — Сярэднявечча

Пошукі постзарубінецкіх помнікаў у парэччы Убарці пакуль не далі істотных вынікаў. Магчыма, што нейкі час Палессе не было заселенае. Таму даволі цьмянаю застаецца пачатковая гісторыя славянства, помнікі якога з’явіліся тут толькі ў V ст. нашага часу. Да карчацкага варыянта (паводле назвы с. Карчак пад Жытомiрам) пражскай культуры, славянская прыналежнасць якой не выклікае сумненняў у даследчыкаў, адносяцца плямёны, якiя ў VI-VII стст. жылi па паўднёвых прытоках Прыпяцi. Першае такое раннеславянскае селішча даследавана на левым беразе Прыпяці на заходняй ускраіне Петрыкава. Тут выяўлены тры чатырохкутныя ў плане жытлы, паглыбленыя ў мацярык. У адным з іх знойдзена печ, складзеная з плітаў балотнай руды.


Рэшткі раннеславянскага жытла VI-VII стст. каля в. Ліпляны. Пражская культура. Фота. 1990 г.

На рубяжы VII-VIII стст. пражская культура павольна і арганічна перарастае ў культуру тыпу Лукі-Райкавецкай (паводле назвы селішча ва ўрочышчы Лука каля в. Райкаў на Жытоміршчыне) — наступную, вышэйшую ступень развіцця славянскага грамадства. Яно складалася ўжо не столькі з асобных плямёнаў, колькі з саюзаў плямёнаў. На Убарцкім Палессі славянская кераміка гэтага часу сустракаецца на месцы селішча Ліпляны-6, дзе ў 1990 г.

В. С. Вяргей даследавала рэшткі разбуранага славянскага паўзямлянкавага жытла, у паўночна-заходнiм куце якога расчышчаны развал глінабітнай, амаль круглай у дыяметры, печы. У канструкцыю апошняй уваходзілі дробныя камяні, камякі абпаленай і сырой гліны. Сярод разваленай печы адшуканы абломкі слабапрафiляваных гаршкоў з невысокім, крыху адагнутым вонкі венцам і слабавыгнутым плечуком у верхняй трэці іх вышыні (VI-VIII стст.).

Читайте также: