Лельчыцы — Жалезны век
Асваенне спосабаў атрымання жалеза стала адным з паваротных пунктаў у развіцці дагістарычных людзей. Жалезны век, пачатак якога на Палессі датуецца VIII-VII стст. да н. э., ахопліваў перыяд да V ст. нашага часу. З жалеза пачалі вырабляць прылады працы і зброю такой трываласці і вастрыні, якіх нельга было зрабіць з каменю ці бронзы. Гэтае дасягненне паскорыла прагрэс ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Пашырэнню металургіі спрыяла таксама даступнасць сыравіны.
Сляды паселішчаў ранняга жалезнага веку (да IV ст.) даследаваны каля вёсак Асянское, Ліпляны, Лiснае, Мiлашэвiчы і Тартак.
У выніку росту прадукцыйнасці працы ў асобных родаў і плямёнаў назапашвалася пэўная маёмасць, што вяло да войнаў з мэтай рабунку і зняволення. Каб абараніць нажытак і супляменнікаў ад прагных да чужога дабра суседзяў, людзі пачынаюць сяліцца ў цяжкадаступных месцах сярод балотаў і лясоў і ўмацоўваць свае паселішчы землянымі валамі і равамі. З тых даўніх часоў на Убарцкім Палессі захаваліся невялікія гарадзішчы каля вёсак Баравое і Мілашэвічы. Яны маюць круглую ў плане пляцоўку дыяметрам 15-17 м, абкружаную з усіх бакоў кальцавым валам вышынёй да двух метраў і шырынёй два-тры метры. Па грэбені вала ў старажытнасці праходзіла драўляная сцяна. Размяшчаліся гарадзiшчы на невысокіх грудах пасярод забалочаных нізін, таму і атрымалі ў навуковай літаратуры назву балотных. Дзякуючы такому месцазнаходжанню, штучным абарончым збудаванням балотныя гарадзішчы ўяўлялі з сябе добра ўмацаваныя пункты. Ні на адным з iх археалагічныя раскопкі не праводзіліся, яны даследаваліся толькі шляхам візуальнага агляду. Можна меркаваць, што гарадзішчы ў асноўным выкарыстоўваліся як сховішчы, дзе падчас ваеннай небяспекі жыхары прылеглай акругі баранілі сваё жыццё. Таксама маглі выконвацца рэлігійныя абрады і вырашацца агульныя пытанні грамадскага жыцця.
Самыя раннiя знаходкi вырабаў з жалеза адносяцца да мілаградскай культуры (ад назвы гарадзішча Мілаграды Рэчыцкага р-на на Гомельшчыне). На берагах Убарці знойдзены два мілаградскія гарадзішчы балотнага тыпу каля в. Убарцкая Рудня (за 2 км на ПнЗ ад Убарці і ва ўрочышчы Бабіна) і адно каля в. Манчыцы26. За 1,5 км на Пн ад в. Асянское шурфавалася селішча, дзе адшуканы рэшткі посуду мілаградскай культуры. Сярэдняе парэчча і вярхоўі Убарці ўваходзілі ў арэал усходнепалескага варыянта мілаградскай культуры.
Вядома, што гарадзішчы гэтай культуры ўмацоўваліся равамі, драўлянымі агароджамі па перыметры вала. Жыхары мілаградскіх селішчаў будавалі наземныя ці крыху паглыбленыя слупавыя жытлы. Хавалі сваіх суродзічаў найчасцей, спаліўшы цела нябожчыка, у бескурганных могiльнiках. Большасць даследчыкаў схіляецца да думкі, што мілаградцы — старажытныя балты, хоць таксама існуе меркаванне пра іх балта-славянскую ці нават славянскую этнічную прыналежнасць. Насельнiкаў мясцовасцi, абмежаванай рэкамi Прыпяць, Случ i Цецераў, у 600-200 гг. да н. э. некаторыя аўтары лічылі неўрамi (гэты старажытны народ прыгадваў грэцкі гісторык Герадот).
Наступны этап дагісторыі Убарцкага Палесся звязаны са старажытнасцямі плямёнаў зарубінецкай культуры (ад назвы могільніка каля в. Зарубінцы пад Кіевам), якія рассяліліся тут з II ст. да н. э. Абломкі посуду зарубінецкага тыпу часцей за ўсё трапляліся даследчыкам каля вёсак Ліпляны і Ліснае. Па паўночным і ўсходнiм берагах возера Замошша каля в. Мілашэвічы выяўлены рэшткі таўстасценных і слабапрафіляваных пасудзін позняга этапу зарубінецкай культуры. Рэшткі чарапкоў i глянцаванай керамiкi, знойдзеныя пры раскопках селiшча на пясчанай выспе левага берага Убарці каля в. Мiлашэвiчы, таксама адносяцца археолагамi да зарубiнецкай культуры.
«Зарубінцы» сяліліся на гарадзішчах і адкрытых селішчах, будавалі наземныя слупавыя ці паўзямлянкавыя зрубныя жытлы з глінянымі ці каменнымі агнішчамі. Памерлага, папярэдне спаліўшы на вогнішчы, хавалі ў ямах, часта кладучы з рэшткамі спалення гаршкі, міскі, кубкі, бронзавыя ці іншыя рэчы.
З сярэдзіны I ст. нашай эры жыццё на палескай тэрыторыі зарубінецкай культуры спыняецца, прасочваецца перамяшчэнне насельніцтва на захад.
Сукупнасць археалагічных звестак сведчыць, што плямёны ранняга жалезнага веку знаходзіліся на стадыі развітага патрыярхату. Найменшай і асноўнай адзінкай грамадства з’яўлялася вялікая патрыярхальная сям’я, якая складалася з двух-трох пакаленняў блізкіх родзічаў. Некалькі такіх сем’яў аб’ядноўваліся ў патрыярхальны род, якi валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселiшчамi, участкамi апрацаванай зямлi i пашай для жывёлы. Устойлівых сувязяў паміж плямёнамі не існавала. Сутычкамі паміж родамі і плямёнамі абумоўлены факт з’яўлення ў гэты перыяд умацаваных паселішчаў. Гэта было грамадства эпохі распаду першабытнаграмадскага ладу, у якім існавала спецыфічная арганізацыя ўлады, вядомая як «ваенная дэмакратыя». Трэба зазначыць, што плямёны зарубінецкай, а яшчэ раней, не выключана, і мілаградскай культур акрамя ляднага ведалі, верагодна, і ворнае земляробства.