Лельчыцы — Археаланічныя помнікі

Шмат пададзеных ніжэй старажытных стаянак, паселішчаў, курганоў, іншых помнікаў абследавана толькі звонку, і іх поўнае навуковае вывучэнне яшчэ наперадзе. Але час і людзi нелітасцівыя да іх. З кожным зруйнаваным помнікам мы губляем старонкі сваёй гісторыі і духоўную повязь з продкамі.

АЛЬХОВАЯ (Грабянёўскі с/с). Тры групы курганоў.

АСЯНСКОЕ (Маркоўскі с/с). За 1,5 км на Пн ад вёскі на пясчанай выспе на плошчы 300 кв. м сустракаюцца абломкі посуду. Культурны пласт селiшча складае 10 см. Абследавана ў 1983 г. Г. М. Залашкам. Знойдзены крамянёвыя наканечнiкi стрэлаў, ляпная (дрэнна абпаленая) керамiка i рэшткi ганчарнага посуду мілаградскай культуры. У шурфе плошчай 2 х 2 м выяўлены праслой попелу з вуголлем, у цэнтры якога яма ад слупа. Адносiцца да ранняга жалезнага веку i часоў Кiеўскага княства.

БАРАВОЕ (Маркоўскі с/с). У пачатку 1930-х гг. прыкладна за 2 км на Пн ад вёскі ў час рамонту дарогi ў г. п. Лельчыцы селянiн Д. І. Земiдавец выкапаў гаршчок, у якiм, паводле яго слоў, «знаходзiлiся кускi чэрапа дзiцяцi». Гэтую мясцовасць абследаваў у 1955 г. Ю. У. Кухарэнка, але нiчога, акрамя невялiкага i малавыразнага абломка глiнянага ляпнога посуду, не знайшоў. Ён зазначыў, што на паўночнай ускраiне вёскі, каля балота ва ўр. Курганы, прыкметныя сляды некалькiх зусiм разараных курганоў.
Прыкладна за 3 км на ПнУ ад гэтага месца злева ад дарогi на Лельчыцы таксама ёсць рэшткi некалькiх разараных курганоў. Абследаваны бескурганны могiльнiк з трупаспаленнем, тып якога не вызначаны. Датуецца XI-XIII стст. За 1,5 км на У ад вёскі на правым беразе Убарцi выяўлены майдан. Размешчаны за 300 м унiз па цячэнні ад старога драўлянага моста. Лейкападобны пляц абкружаны кальцавым валам вышынёй 1,5-2 м. Дыяметр прыкладна 15-17 м. З заходняга боку ў вале маецца праход.

БУЙНАВІЧЫ (Буйнавіцкі с/с). Выяўлены курганы жалезнага веку ці сярэднявечча. Пісьмовае сведчанне пра іх датуецца 1879 г.: «…У мясцовасцi гэтай, ј вярсты ад сяла, знаходзiцца вялiкая група курганоў, большая частка iх пашкоджана, некаторыя разбураны сялянамi для засыпкi ў ямах бульбы. Пры раскопах высветлiлася, што ў кожным кургане знаходзiцца па адным чалавечым касцяку, без усялякiх пры iх сродкаў i даспехаў, па якiх можна было прыйсцi да нейкiх высноваў».
Паводле крыніцы 1928 г., «курганы каля в. Буйнавiчы гадоў 30 таму назад раскопвалiся: у iх знаходзiлi косткi людзей, посуд i знайшлi залаты пярсьцёнак…»

ВОСАЎ (Сiманiцкi с/с). За 300 м на З ад вёскі знаходзіцца курганны могільнік, у якiм налічваецца 38 насыпаў вышынёй 2,5 м і дыяметрам 13-15 м. Абследаваў у 1976 г. П. Ф. Лысенка, аднак раскопкi не праводзiлiся.


Курганны могільнік ля в. Восаў. План. 1985 г.

ГЛУШКЕВІЧЫ (Глушкевіцкі с/с). За 2,5-3 км на ПдУ ад вёскі на паўднёвым схіле высокага пясчанага ўзвышша на левым беразе Убарцi сабраны нязначныя крамянёвыя вырабы і абломкі посуду неалітычнага часу, рэшткі пасудзін IX-XIII стст.
Раней паселiшча размяшчалася ва ўр. Круг на беразе старажытнага возера-балота, дзе людзі знаходзiлi рэшткi керамiкi XII-XIII стст. i больш позняга часу. Рэшткi паселiшча выяўлены ва ўрочышчы, якое так i называецца — Селiшча. Згодна з народным паданнем, яно затанула ў возеры, пайшло пад ваду.
Мясцовы жыхар Якаў Дзям’янавіч Казачок (1905 г. нарадж.) сведчыць: «Селiшча знаходзiлася над старажытным возерам у прыгожым месцы. Глыбiню возера ў старыя часы не маглi вымераць. Пад возерам, на дне яго, скала каменная была. Селiшча знаходзiлася ў чарналессi, сярод старадаўнiх вод. Зямля там была супясчаная». Да цяперашняга часу захаваўся ў тым месцы дуб у тры абхваты. Цяпер тут каменны кар’ер. Былі выпадкі знаходак старых каменных крыжоў. Могiльнiкi з каменнымi крыжамi можна датаваць познiм сярэднявеччам.

ГРАБЯНІ (Гурбаны) (Грабянёўскі с/с). На заходняй ускраіне вёскі насупраць могілак ва ўр. Струбачы знаходзіцца курганны могільнік, які складаецца з 7 насыпаў вышынёй 0,3 м, дыяметрам 7-8 м. Абследаваны ў 1976 г. П.Ф. Лысенкам, аднак раскопкi не праводзiлiся.


Курганны могільнік Гурбаны ва ўрочышчы Струбачы ля в. Грабяні. План. 1985 г.

ДУБНІЦКАЕ (Дуброўскі с/с). За 200 м на ПдЗ ад вёскі ва ўр. Дубіна знаходзіцца курганны могільнік, у якім налічваецца 8 курганоў вышынёй 0,5-0,7 м, дыяметрам 6-8 м. Выявіў і абследаваў у 1976 г. П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.


Курганны могільнік ва ўрочышчы Дубіна ля в. Дубніцкае. План. 1985 г.

ІВАНАВА СЛАБАДА (Тонежскi с/с). Першы помнік за 800 м на З ад вёскі, ва ўр. Курганы — курганны могільнік, які складаецца з 37 насыпаў вышынёй 0,6-1,7 м, дыяметрам 6-12 м. Курганы здзiрванелi, каля iх захавалiся рэшткi раўкоў. Згодна з паведамленнем беларускага мовазаўцы А. А. Крывiцкага (1927 г. нарадж.), за 35-40 км на Пд ад Турава ці за 1,5 км на У ад вёскі ў полi знаходзяцца 34 курганы круглай формы, вышынёй 1-2 м. Адзiн з іх разбураны мясцовымi скарбашукальнiкамi, выяўлены вугольчыкi i попел42. Другі помнік за 3 км на З ад вёскі — курганны могільнік з чатырох насыпаў вышынёю 0,5-1,8 м, у дыяметры 5-12 м. Могiльнiкi абследаваны ў 1976 г. П. Ф. Лысенкам, але раскопкi не праводзiлiся.


Курганныя могільнікі ля в. Іванава Слабада. План. 1985 г.

КАРТЫНІЧЫ (Маркоўскі с/с). На У ад вёскі на пясчаным узвышшы на ПдЗ ад мясцовых могілак выяўлены расшчэплены крэмень і рэшткі ляпной i ганчарнай керамiкi неалітычнага часу. Сярод знаходак — абломкi познанеалiтычнага посуду, у т. л. верхняя частка пасудзіны са шнуравым i ямачным арнаментам.
Месцазнаходжанне ганчарнай керамiкi зафiксавана на пясчаных патаўшчэннях на З ад вёскi (на Пд ад дарогi ў в. Маркоўскае). Тут таксама знойдзены солiд.

ЛЕЛЬЧЫЦЫ. «…Затым магiльнiк, i на паўночны захад у адлегласьцi 4 вярсты на кургане ёсьць камень-плiта з невядомымi надпiсамi, каля хутара «Стары Фальварак» (каля м. Лельчыц)».

ЛІПЛЯНЫ (Лельчыцкі с/с):
Ліпляны-1. За 2,5 км на ПнУ ад вёскі на поплаве левабярэжжа Убарці на разараным узвышшы (больш за адзін метр), на плошчы 80 х 60 м зафіксаваны сляды паселішча неалітычнага часу, знойдзена некалькі абломкаў посуду сярэднедняпроўскай і рэшткі некалькіх пасудзін усходнетшцінецкай культур эпохі бронзы, ранняга жалезнага веку.
Ліпляны-2. За 3 км на ПнУ ад вёскі і 400 м на ПнУ ад Ліплян-1 на пясчаным узвышшы (да 4 м), выцягнутым з Пд на Пн на 200 м уздоўж рэшткаў старыц левабярэжжа Убарці, выяўлены крамянёвыя вырабы мезалітычнага выгляду, сляды паселішча неаліту, знойдзены абломкі некалькіх пасудзін сярэднедняпроўскай і ўсходнетшцінецкай культур эпохі бронзы.
Ліпляны-3. За 400 м на ПнЗ ад Ліплян-2 на пясчанай выспе (вышынёй да 4 м) падковападобнай формы, на плошчы 100 х 50 м сабраны крамянёвыя вырабы мезалітычнага выгляду, кераміка неалітычнага часу, знойдзена 20 абломкаў посуду сярэднедняпроўскай і 15 абломкаў посуду ўсходнетшцінецкай культур эпохі бронзы, ранняга жалезнага веку.

Ліпляны-4. За 200 м на ПдЗ ад Ліплян-3 на ўзвышшы плошчай 60 х 50 м сабраны абломкі посуду ўсходнетшцінецкай культуры эпохі бронзы.

Ліпляны-5. За 2,5 км на ПнУ ад вёскі і 100 м ад Ліплян-4 па краі шырачэзнага ўзвышанага (больш як адзін метр) і месцамі пашкоджанага плато, на плошчы 200 х 70 м пры магутнасці культурнага пласта 20-30 см сабраны каля 80 абломкаў посуду і крамянёвыя вырабы ўсходнетшцінецкай культуры бронзавага веку.

Ліпляны-6. За 300-400 м на ПдУ ад Ліплян-2 уздоўж берага старычнага возера на разбуранай і часткова разбуранай выспе (вышынёй да двух-трох метраў) сабраны вырабы з крэменю мезалітычнага выгляду, абломкі посуду, вырабы з крэменю неалітычнага часу, рэшткі некалькіх пасудзін сярэднедняпроўскай і ўсходнетшцінецкай культур эпохі бронзы. Зафіксаваны рэшткі славянскага селішча, сляды жытла VI-VIII стст., селішча XII-XIII стст.

Ліпляны-7. За 1,5 км на Пн ад Ліплян-6 ва ўр. Чырвоная Горка («Красная Горка») каля старыцы на ўзвышшы (да 4-5 м), часткова разбураным дамбаю, сабраны культурныя рэшткі неалітычнага часу, абломкі посуду сярэднедняпроўскай культуры эпохі бронзы.

ЛІСНАЕ (Буйнавiцкi с/с): Ліснае-1. За 1,5 км на ПнЗ ад в. Ліснае і 4-5 км на ПнУ ад в. Лiпляны на пойме левабярэжжа Убарцi на пясчаным выцягнутым на 200 м з Пн на Пд уздоўж сухiх старыц ракi ўзвышшы (да 4 м над поймай) сабраны культурныя рэшткі неалітычнага часу, сярэднедняпроўскай культуры ранняй эпохі бронзы, магчыма, мілаградскай культуры. У 1983 г. на ўзвышшы Г. М. Залашкам закладваўся шурф памерам 16 кв. м.
У 1989 г. археолагамі на развеяных пясках сабрана 13 абломкаў познанеалiтычнага посуду, 20 абломкаў пасудзін сярэдняга перыяду бронзы. Апрача таго, выяўлена скопішча керамiкi — развал вялiкай слоікавай пасудзіны з валiкам, якi моцна выступае пад краем венца. Паверхня добра загладжаная, у цесце мноства буйной дрэсвы. Таўшчыня сценак да 0,8 см. Крамянёвы комплекс налiчвае 748 рэчаў, у лiку якiх 32 вырабы з другаснай апрацоўкай. Крэмень разнародны па колеры (цёмна-шэры, шэры са светлымi плямамi, буры, палевы), адлюстроўвае ўвесь цыкл апрацоўкi крэменю ад жалвака да гатовага сродку.
Ліснае-2. На З ад в. Ліснае, за 500 м на З ад Лiснага-1 і за 4 км на ПнУ ад в. Лiпляны на рагу каналаў каля дамбы, на былой пойме ракi, на месцы невялiкага разбуранага ўзвышша (вышыня да аднаго метра) сабраны таўстасценная грубая ляпная керамiка з дрэсваю ў цесце, крамянёвыя адшчэпы, ганчарная керамiка. Згодна з іншай крыніцай, Ліснае-2 знаходзіцца за 300 м на З ад Ліснага-1 і тут на паўночным краі доўгай выспы (вышынёй да 5 м), на плошчы 100 х 200 м сабраны вырабы з крэменю мезалітычнага выгляду, каля 20 абломкаў посуду сярэднедняпроўскай культуры бронзавага веку, ранняга жалезнага веку. Ёсць таксама сведчанне, што за 500 м на Пн ад вёскі на дзюне плошчай 200 кв. м знаходзiцца старажытнае селiшча. Раскопкi ў 1983 г. праводзiў Г. М. Залашка. У раскопе плошчай 16 кв. м, культурны пласт якога складае 20 см, знойдзены крамянёвыя адшчэпы, ляпная керамiка, сярод якой некалькi абломкаў глянцаванага посуду, з арнаментам у выглядзе ямак, адбiткаў пазногця, а таксама фрагменты ганчарных пасудзiн. Адносiцца да ранняга жалезнага веку i эпохi Кiеўскага княства.
Ліснае-3. За 2 км на З ад вёскі і за 500 м на ПнЗ ад Лiснага-1 на ўзвышшы (вышынёй да трох метраў) памерам 150 х 60 м, за 200 м на Пн ад канала, на разбуранай выдзіманнямі паверхнi сабраны абломкi неалiтычнай керамiкi, крэмень. Згодна з іншай крыніцай, Ліснае-3 знаходзіцца за 200 м на З ад Ліснага-2 і тут на паўночным краі ўзвышша знойдзены крамянёвыя вырабы неалітычнага выгляду, сляды паселішча неалітычнага часу, магчыма, пазнейшых эпох.
Ліснае-4 (Ліпляны-3). За 2 км на З ад в. Лiснае на пойме левабярэжжа Убарцi, за 30-50 м на У ад пункта Лiснае-5 на выцягнутым узвышшы 70 х 30 м (вышынёй да 1-1,5 м) падабрана два абломкi неалiтычнай керамiкi, 9 — сярэдняга перыяду бронзавага веку.
Ліснае-5 (Ліпляны-4). За 2 км на З ад в. Лiснае на пойме левабярэжжа Убарцi ўздоўж сухiх старыц на ўзвышшы (вышыня да 1-2 м) зафiксаваны сляды помнiка сярэдняга перыяду бронзы. На паўночным узвышаным краi (вышыня да 2 м) знаходак параўнальна мала, у асноўным яны канцэнтравалiся на паверхнi панiжанага паўночнага схiлу. Падняты невялiкi абломак неалiтычнай пасудзіны. Астатнiя знаходкi — абломкi посуду ўсходнетшцінецкай культуры (каля 60 фрагментаў). Матэрыялы сабраны на плошчы 100-150 х 80-100 м. Магутнасць культурнага слоя, верагодна, не перавышала 20-30 см. Помнiк уяўляе цікавасць як, магчыма, аднаслойны комплекс знаходак сярэдняга перыяду бронзы.

МАНЧЫЦЫ (Замошскі с/с). Выяўлена гарадзішча мілаградскай культуры жалезнага веку ці сярэднявечча.

МАРКОЎСКАЕ. За 1,5 км на ПдЗ ад вёскі ўздоўж левага высокага берага Убарці (вышыня да 6-7 м) на плошчы прыкладна 150 х 70 м выяўлены сляды селішча IX-XIII стст., разворваецца. На У ад селiшча зафіксаваныя рэшткi майдана.

МІЛАШЭВІЧЫ (Мілашэвіцкі с/с): Мілашэвічы-1. За 1 км на ПнУ ад вёскі (справа ад дарогі ў в. Баравое) перад ур. Сельская Ніўка выяўлены курганны могільнік. Налічвае ў цяперашні час 15-16 пясчаных круглых насыпаў вышынёй 0,6-1,2 м і дыяметрам 7-9 м, парослых лесам. Насыпы выцягнуты ланцугом уздоўж дарогi. Могільнік датуецца XI-XIII стст. Абследавалі ў 1955 г. Ю. У. Кухарэнка i ў 1976 г. — П. Ф. Лысенка, аднак раскопкi не праводзiлiся.


Курганны могільнік ва ўрочышчы Сельская Ніўка ля в. Мілашэвічы. План. 1985 г.

На У ад курганоў знаходзiцца майдан — месца, дзе выраблялі драўняны вугаль. Нагадвае маленькае круглае гарадзiшча дыяметрам 15-16 м, вышыня кальцавога вала да двух метраў, шырыня 2-3 м. Пляц лейкападобнай формы.
Мілашэвічы-2. За 300-400 м на ПдУ ад вёскі на пясчаным узвышшы левабярэжжа Убарці пры даплыве ў яе ручая выяўлена шматслойнае паселішча. Займае плошчу прыкладна 50 х 40 м, культурны слой слаба насычаны знаходкамi. У патаўшчэннях сабраны раннеганчарная кераміка часоў Кiеўскай Русi, крамянёвыя вырабы (нож, адшчэп).
Мілашэвічы-3. За 1,3 км на ПдУ ад вёскі на левым беразе Убарці, за 250 м на У ад курганоў ва ўр. Сельская Ніўка фіксуюцца сляды паселішча неалітычнага часу (расшчэплены крэмень, ляпная керамiка) і селішча IX-XIII стст. (раннеганчарная кераміка).
Ёсць звесткі, што за 3,5 км на ПдУ ад вёскі ля краю тэрасы левага берага Убарцi на ворным полi выяўлена месцазнаходжанне расшчэпленага крэменю. Тэраса абкружаецца ручаём, якi ўпадае ў Убарць. Крамянёвы комплекс складаецца з 15 прадметаў рознакаляровага крэменю.
Мілашэвічы-4. За 2-2,5 км на ПнУ ад вёскі ва ўр. Прыбыль на левым беразе Убарці на пясчаным узвышшы зафіксавана месцазнаходжанне расшчэпленага крэменю. Паводле сведчання настаўнiка матэматыкi мясцовай СШ Рыгора Сямёнавiча Гаўрылаўца, тут некалi была знойдзена каменная свiдраваная сякера. Знойдзены два абломкi познанеалiтычнай керамiкi. Крамянёвы комплекс складаецца з 31 рэчы. Крэмень разнародны паводле колеру i тэкстуры.
Мілашэвічы-5. За 5-6 км на З ад вёскі ва ўр. Буянаў Востраў было невялiкае пясчанае ўзвышша, на месцы якога цяпер кар’ер. Паводле сведчання Р. С. Гаўрылаўца, пры капанні кар’ера знаходзiлi нават цэлыя пасудзіны. Адзiн фрагмент ляпнога падглянцаванага гаршка зарубiнецкага тыпу, знойдзены некалi тут, захоўваецца ў музеі мясцовай СШ.
Мілашэвічы-6. На У ад вёскі на поплаве Убарці ва ўр. Востраў на пясчаным узвышшы з рэдкімі дубамі, якое выцягнулася з Пн на Пд і абмываецца з У асноўным рэчышчам Убарці, а з Пн, З i Пд — старыцай, сабраны абломкі посуду і крамянёвыя вырабы сярэднедняпроўскай культуры неалітычнага часу. Абследавалася В. Ф. Iсаенкам і Г. М. Залашкам. На ПнУ ад ускраiны доўгай выспы на месцы выдзіманняў сабрана больш як 20 абломкаў неалiтычнага посуду, больш за 10 абломкаў посуду ранняга i адзін абломак сярэдняга перыяду бронзы. Каля вёскі знойдзены каменныя сякеры і крамянёвы серп52.
Мілашэвічы-7. За 1 км на У ад вёскі ва ўр. Поліца на невысокiм астраўку, парослым дубамi i абкружаным з усiх бакоў пойменнымi балотамi i старычнымi азёрамi (дабрацца туды можна толькi на лодцы), паводле сведчання Р. С. Гаўрылаўца, была знойдзена каменная шлiфаваная сякера, якая захоўваецца ў музеі мясцовай СШ.
Мілашэвічы-8. За 700 м на ПдЗ ад вёскі на пясчанай выспе левага берага Убарці сустракаюцца абломкі посуду зарубінецкай культуры. Селiшча плошчай каля 200 кв. м, культурны пласт (у выдзiманнях) 10-20 см. Выявiў i абследаваў у 1983 г. Г. М. Залашка. Ёсць звесткі, што тут былі знойдзены рэшткi ганчарнага посуду з лiнейным арнаментам, якія датуюцца XI ст.
Ёсць яшчэ наступныя ўпамінанні пра археалагічныя помнікі ў наваколлі вёскі Мілашэвічы:
— У 1930 г. Шаўковічам ля возера Замошша былi выяўлены рэшткі таўстасценных і слабапрафіляваных пасудзін позняга этапу зарубінецкай культуры53.
— У 1948 г. члены сельскагаспадарчай арцелі «Чырвоны дазор» Мілашэвіцкага с/с капалі новую яму для сіласавання кармоў. На глыбіні 1,5 м былі выкапаны старажытныя каменныя інструменты: малаток, долата і нож54.
— На паўночнай ускраiне вёскі за фермай ва ўр. Глiнка былі знойдзены сашнiк i іншыя жалезныя рэчы, якiя захоўваюцца ў музеі мясцовай СШ. Раней тут размяшчаліся школа i сядзiба святара. Пры аглядзе ў 1989 г. мясцовасцi археолагамі матэрыялы не знойдзены.

СІНІЦКАЕ ПОЛЕ (Буйнавiцкi с/с). За 1 км на Пн ад вёскі ва ўр. Рудкаў Лясок знаходзіцца курганны могільнік, тры насыпы якога маюць вышыню 0,8 м і дыяметр 14-16 м. Яшчэ адзін курган вышынёй 0,9 м i дыяметрам 17 м размешчаны на ўсходняй ускраіне вёскі. Вядомы з 1924 г., зарэгістраваны ў 1927 г.55 Абследаваў у 1976 г. П. Ф. Лысенка, аднак раскопкi не праводзiлiся. ТАРТАК (Маркоўскi с/с):
Тартак-1. За 700-800 м на ПдЗ ад вёскі на левым беразе Убарці на мысападобным выступе тэрасы вышынёй 1,7-2,2 м над узроўнем ракi (цяперашнім часам разворваецца), на плошчы прыкладна 80 х 40 м выяўлены сляды селішча IX-XIII стст.
Тартак-2. За 300 м на ПдЗ ад вёскі на паўднёва-ўсходнiм схіле пясчанага ўзвышша левабярэжжа Убарці, на Пд ад моста цераз раку, выяўлены сляды селішча неалітычнага часу. Плошча 300 кв. м, культурны пласт 10 см. Знойдзены крамянёвыя адшчэпы, рэшткi ляпной керамiкi з арнаментамi ў выглядзе прастакутных ямак i папярочак, а таксама фрагменты ганчарнага посуду. Помнiк знаходзiцца на месцы стаянкi каменнага веку, адносiцца да ранняга жалезнага веку i эпохi Кiеўскага княства.
Тартак-3. За 1,5 км на ПдЗ ад вёскі на правым беразе Убарці на заходняй канцавой частцы пясчанай грады ў пойме ракі выяўлены рэшткі раннеганчарнай керамiкi. Селішча IX-XIII стст.
Тартак-4. За 200 м на Пд ад вёскі на паўднёвым схіле пясчанага ўзвышша правабярэжжа Убарці выяўлены рэшткі расшчэпленага крэменю i ляпной керамiкi неалітычнага паселішча.
Тартак-5. На паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі ў строме Убарці на адлегласці да 90 м па рачной плыні сустракаюцца крамянёвыя вырабы, ляпная кераміка, у т. л. кераміка ранняга жалезнага веку. Селiшча выявiў i абследаваў у 1983 г. Г. М. Залашка.
Ёсць звесткі, што памiж вёскамі Тартак i Слабодка ва ўсходняй частцы пясчанай дзюны зафіксавана селiшча плошчай 200 кв. м. У культурным пласце таўшчынёй 10 см знойдзена ганчарная керамiка. Адносiцца да эпохi Кiеўскага княства. ТОНЕЖ (Тонежскі с/с). Выяўлены курганы жалезнага веку ці сярэднявечча.

УБАРЦКАЯ РУДНЯ (Астражанскі с/с). За 2 км на ПнЗ ад Убарці і ва ўрочышчы Бабіна выяўлены два гарадзішчы мілаградскай культуры жалезнага веку і рудня сярэднявечча.

ШУГАЛЕІ. Паводле звестак мясцовых жыхароў, у наваколлі вёскі былі курганы.

Такім чынам, усяго на тэрыторыi Лельчыцкага р-на ад старажытнасцi да XIV ст. выяўлена 25 селішчаў (у т. л. 13 — эпохi каменнага веку, 8 — бронзавага веку, 11 — жалезнага веку) і 7 курганных могільнікаў. Трэба зазначыць, што ёсць шэраг старажытных стаянак, селішчаў, гарадзішчаў, курганоў, час узнікнення якіх не вызначаны. Паводле мясцовага падання, невялiчкiя земляныя курганы-пагоркi ля вёсак Восаў, Грабяні, Мiлашэвiчы, Слабада, Сiнiцкае Поле насыпаны шведамi i французамi («шведскiя i французскiя магiлы»). Навуковы супрацоўнiк аддзела археалогii АН БССР Г. М. Залашка лічыў, што гэта зусiм не так: «Курганы-пагоркi насыпаны не шведамi i французамi, а нашымi далёкiмi продкамi, якiя жылi тут яшчэ ў эпоху Кiеўскай Русi. Яны — месца пахавання памёршых або загінулых». Курганны могільнік XI-XII стст. каля в. Мілашэвічы. Фота. 1989 г.

Читайте также: