Лельчыцы — Быт палешукоў
Уявіць жыццё тагачасных палешукоў дапамагае найстаражытны пiсьмовы збор грамадзянскiх статутаў, вядомы над назвай «Правда Роськая», аўтарства якога прыпісваецца вялікаму кіеўскаму князю Яраславу Мудраму (1019-1054). Гэты закон вызначае аднолькавую плату за забойства чалавека незалежна ад сацыяльнага становiшча ў памеры 40 грыўнаў на карысць сваякоў забiтага i гаворыць аб праве на кроўную помсту; згадвае яшчэ пра рэшткі народнага суда («извод пред 12 человека»), пра з’яўленне ў той час ва ўсходнiх славян прыватнай уласнасцi. «Ізвод», дарэчы, — гэта пошук ці крымінальны вышук злачынцы. Напрыклад, «если кто будет избит до крови или синяков, то [для получения вознаграждения] ему не надо представлять свидетеля; если на нем не будет явных знаков избиения, то он должен представить свидетеля, а если не может — делу конец; если же он не может за себя отомстить [обидчику], то получает за обиду 3 гривны и плату лекарю».
Даходы князёў, як i раней, складалi данiна з насельнiцтва, судовыя пенi i гандлёвыя пошлiны, ваенная здабыча; акрамя таго, князi валодалi значнай маёмасцю. Што ж да баяраў, то яны галоўным чынам кармiлiся жалаваннем ад князёў; зямельныя iх уладаннi не маглi быць значнымi з-за частага пераходу дружын з адной вобласцi ў другую ўслед за сваiмi князямi. Усё насельнiцтва, акрамя дружыны i духавенства, мела агульную назву «людзi»; сяляне ж звычайна звалiся «смердамi»; да смердаў далучалi таксама дробных купцоў i рамеснiкаў. Галоўным заняткам сялян было земляробства, жывёлагадоўля i бортнiцтва; развiвалiся жалезаапрацоўчае, ювелiрнае, ганчарнае, скураное, шавецкае, дрэваапрацоўчае рамёствы, прадзенне, ткацтва. Сяляне былi людзьмi вольнымі. Такiм жа вольным людам было i ўсё пасадскае насельнiцтва. Нявольнiкамi рабiлiся, галоўным чынам, даўжнiкi, а таксама палонныя, якiх захоплiвалi ў шматлікіх паходах таго часу. У князя i баяраў нявольнікі гэтыя выкарыстоўвалiся для працы ў маёнтках i насiлi агульную назву «чэлядзь».
Пэўная колькасць вёсак аб’ядноўвалася ў падаткавую адзiнку — воласць, якая мела падвойную сiстэму кiравання. З аднаго боку, кожная воласць уяўляла сабою грамаду з самакiраваннем i выбарным старцам. З другога боку, iнтарэсы дзяржавы прадстаўляў княжацкi намеснiк — цiвун. Ён прызначаўся з лiку баяраў i яго абавязкамi было ажыццяўляць ад iмя князя суд у выпадках, якія не падлягалi юрысдыкцыi грамадскага суда, прымаць данiну, што дастаўлялася старцам, i перадаваць яе князю. Цэнтрам воласцi звычайна быў умацаваны двор — пагост. Горад з’яўляўся не толькi рэзiдэнцыяй князя, але i замкам для баяраў. Праўда, i князь, i баяры мелi звычайна загарадныя рэзiдэнцыi — сёлы (пазней гэтая назва была выцiснута тэрмiнам «двор»).
Большасць сялянскага насельнiцтва захоўвала ў тыя часы асабiстую свабоду. Але князі практыкавалi ўжо падараванне асобных вёсак i цэлых воласцяў ва ўласнасць буйным баярам i манастырам. У такiх выпадках данiна, якую плацiлi сяляне, iшла ўжо не князю, а новаму ўладальнiку. Звычайна ён атрымлiваў i права суда над сваiмi падданымi. Іншая крынiца сведчыць: першыя падараванні зямельных уладанняў рабiў Яраполк, якi манастыру пячорскаму ў Кiеве даў навечна сваю «Неблскую воласць i Деревскую i Луцкую i каля Кiева». Самi баяры, напэўна, не плацiлi данiны, бо выконвалi iншую павiннасць — на загад князя iшлi на вайну цi неслi варту на межах. Частка з iх стала знаходзiлася пры князю, выконвала функцыi асабiстай абслугi, паслоў, дружыны. Баярства было неаднародным: ад дробнага, прадстаўнiкi якога часам самi абраблялі свой надзел, да буйнога, што валодала ўласнымi дружынамi i замкамi. Такi сацыяльны лад жыцця быў, здаецца, практычна аднолькавы на ўсёй Русi, з мясцовымi асаблiвасцямi, зразумела.
На прыкладзе царкоўнага землеўладання старажытнай Тураўскай епархii зазначым, што «духавенства не валодала землямi i не займалася паляводствам, а руплiва працавала над урабленнем нiвы сэрцаў чалавечых. Уся зямля лiчылася княжацкаю; хто прыходзiў, таму князь даваў зямлю, прызначаў данiну на княжацкi двор, i той, хто пасялiўся на княжацкай зямлi, быў ужо зямянiнам князя. Сам князь вызначаў зямянiну данiну на св. царкву i папа. Данiна папу складалася з вызначанай колькасцi збожжа, воску, мёду, сена. Духавенства карысталася дамамi ад князя, лесам i рыбнаю лоўляю ў рэках i княжацкiх азёрах бясплатна. Дарунак князя царкве рабіўся праз запic некалькiх коп грошаў са сваiх даходаў. У вялікія cвяты князь дазваляў варыць мёд i пiва i выручаны даход ад продажу звяртаць у даход царквы. Землямi духавенства пачынае валодаць не раней як пры Альгердзе» (вялікі князь лiтоўскi ў 1345-1377 гг.).