Лельчыцы — Бронзавы век

Мяжа трэцяга і другога тысячагоддзяў да н. э. лічыцца пачаткам бронзавага веку на Палессі. У гэты час тут адбыліся вельмі значныя змены. З поўдня і захаду сюды пранікаюць плямёны трыпольскай культуры з Украіны, якія ўжо каля 500 гадоў сеялі ячмень і проса, гадавалі авечак, свіней, буйную рагатую жывёлу. Дзякуючы iм вытворчае гаспадаранне — жывёлагадоўля і земляробства сягнула на абшары тутэйшага краю, аднак спачатку засвойвалася i пашыралася павольна. На Убарцкім Палессi яшчэ хапала спажывы ад збіральніцтва, рыбалоўства і палявання, якiя па-ранейшаму давалі большую частку ежы.

Прышлыя жывёлагадоўча-земляробчыя плямёны належалі да культуры шнуравой керамікі, бо карысталіся гліняным посудам, упрыгожаным адбіткам шнура. «Шнуравікі» месцамі выцеснiлі тутэйшае насельніцтва днепра-данецкай культуры, месцамі суіснавалі з iм альбо асімілявалі яго і сталі даміноўным элементам у новай этнічнай супольнасці. Нягледзячы на тое што гэты час лiчыцца пачаткам бронзавага веку, на Убарцкім Палессi працягваецца ўдасканаленне прыёмаў апрацоўкi каменю i крэменю, косцi i рогу для вырабу прылад працы, зброi i ўпрыгожанняў. Пра гэта можна меркаваць галоўным чынам па адшуканых шматлікіх крамянёвых вырабах: шліфаваных сякерах, трохкутных наканечніках стрэлаў, востраканцовых нажах, долатах.

Тагачасныя паселішчы размешчаны звычайна на пясчаных выспах сярод паплавоў Убарці каля вёсак Ліпляны (Ліпляны-1, -3, -6, -7), Ліснае (Ліснае-1, -4 ці Ліпляны-3 і Ліснае-5 ці Ліпляны-4), Майсеевічы (Майсеевічы-5 ці Убарцкая Рудня ва ўрочышчы Мардзвінскае Стойла), Мілашэвічы (ур. Востраў), а ў адным выпадку (Майсеевічы-1) на мысападобным выступе рачной тэрасы. Гэтыя паселiшчы належалі да сярэднедняпроўскай культуры шнуравой керамiкi, якая ахоплівала паўднёва-ўсходнюю Беларусь і паўночную Украіну і праіснавала прыкладна да 1500 г. да н. э.

Са сродкаў працы гэтага часу знойдзены крамянёвыя серп і сякера-клін каля в. Мілашэвічы, свідраваныя сякеры каля вёсак Баравое, Буйнавічы і Каросцін. З металічных рэчаў тут знойдзены бронзавае шыла і фрагмент ажурнай сярэбранай падвескі скандынаўскага тыпу каля в. Майсеевічы.

Мясцовага крэменю для вырабу дробных прылад хапала на прыбярэжных суглінках. Але ж земляробства патрабавала расчысткі лесу пад поле і вымушала земляроба мець вялікія і ў дастатковай колькасці каменныя сякеры. Каб вырабіць іх, старажытнаму майстру патрэбны былі буйныя жаўлакі сырога крэменю. Такая сыравіна лепш паддаецца апрацоўцы, нарыхтоўцы зручней надаваць патрэбную форму. Звычайна сыры крэмень залягае ў пластах мелу на даволi значнай глыбіні. Крамянёвую сыравіну ці вырабы з яе так, як і бронзу, верагодна, даводзілася выменьваць у суседніх плямёнаў, хутчэй за ўсё з захаду. У параўнанні з папярэдняй эпохай вельмі пашырыліся шліфаванне і паліроўка. Краменяры карысталіся шліфавальнымі плітамі. Абразіўным матэрыялам служыў дробназярністы пясок, змочаны вадою. Каменныя сякеры шліфаваліся па ўсёй паверхні, а не толькі лязо, як гэта было раней. Адкрыццём гэтай эпохі стала свідраванне адтулін для дзяржання. Хутчэй за ўсё каменныя свідраваныя сякеры, сякеры-кліны, знойдзеныя ў розны час у наваколлі вёсак Баравое, Буйнавічы, Каросцін, Мілашэвічы (ва ўрочышчах Поліца і Прыбыль), Сініцкае Поле, рабіліся таксама жыхарамі паселішчаў сярэднедняпроўскай культуры. Звычайна такія вырабы служылі зброяй ці прыладамі працы. Яны таксама мелі і культавы сэнс — як сімвал плоднасці, абароны ад ліхіх сілаў — і сустракаюцца найчасцей у мужчынскіх пахаваннях «шнуравікоў». У бронзавым веку адбыліся змены ў вырабе глінянага посуду — ён стаў пласкадонным. Ужыванне пласкадонных гаршкоў сведчыць пра істотныя змены ў побыце людзей. Напэўна, у гэты час пачэснае месца ў жытле чалавека займае стол з тыповым наборам кухоннага посуду — міскамі, кубкамі, лыжкамі. Абломкі керамічнага посуду з высокімі ці кароткімі, простымі альбо ўвагнутымі, адагнутымі вонкі венцамі, пукатымі акруглымі бакамі і пляскатымі донцамі знойдзены на паселішчах ля вёсак Ліпляны і Мілашэвічы. Паверхня пасудзін найчасцей арнаментавалася лінейнымі, прастакутнымі штампамі, шнуравымі адбіткамі.

Эпоха сярэдняй бронзы на Убарцкім Палессі звязана з помнікамі ўсходнетшцінецкай культуры (ад назвы могільніка Тшцінец у Польшчы), якая існавала ў XV-XII стст. да н. э. У цэлым плямёны тшцінецкай культуры займалі вялізныя абшары ад басейна Віслы да сярэдняга Дняпра. За 2,5-3 км на ПнУ ад в. Ліпляны сярод шырокай поплаўнай забалочанай даліны Убарці, уздоўж старычных ці праточных утварэнняў, на невысокіх пясчаных пагорках адкрыта 6 месцазнаходжанняў гэтай культуры. Паселішчы налічвалі 10-20 жытлаў з двухсхільнаю страхою. Адна палова пабудовы служыла месцам для прыгатавання ежы, другая — для адпачынку. Некаторыя збудаванні своеасаблівай канструкцыі выкарыстоўваліся для культавых і гаспадарчых мэтаў. Нябожчыкаў звычайна пасля спальвання хавалі ў яме ці над няспаленым целам насыпалі курган.

На ўбарцкіх помніках усходнетшцінецкай культуры знойдзены шматлікія рэшткі посуду: гаршкоў з патоўшчаным, плаўна адагнутым вонкі венчыкам, нешырокім дном, слоiкавых пасудзін, у т. л. з наляпнымі валікамі, місак, сітападобных пасудзін і іншае. Кераміка рабілася з выкарыстаннем пэўных тэхналагічных прыёмаў: ангабавання ці дасціпнага загладжвання паверхні пасудзін, добрага абпалу, дамешвання буйных зярнят жарствы і іншых. Посуд аздабляўся накрэсленымі лініямі, кароткімі насечкамі, рыскамі, наколамі, «ружанцамі», налепамі. Па-ранейшаму, праўда ўжо значна радзей, выкарыстоўваліся крамянёвыя вырабы: сякеры, дзяржаневыя наканечнікі стрэлаў і дроцікаў, нажы і іншае. Мелі пашырэнне крамянёвыя сярпы, адзін з якіх знойдзены каля в. Мілашэвічы. Сляды паселішчаў усходнетшцінецкай культуры эпохі бронзы зафiксаваны таксама каля вёсак Ліпляны (Ліпляны-1, -2, -3, -5, -6), Ліснае, Майсеевічы (Майсеевічы-1, -3), Мілашэвічы (ур. Востраў).

Наогул, спецыфіка бронзавага веку выявiлася найбольш прыкметна ў тым, што побач з традыцыйным паляваннем, рыбалоўствам i збiральнiцтвам людзi пачалі стала займацца земляробствам і жывёлагадоўляй. Яны гадавалі кароў, свiней, авечак, козаў, коней. Вартавым пры статку i на паселiшчы быў свойскi сабака. Першыя палеткi былi невялiкiя. Яны закладалicя на выгарынах i апрацоўвалiся завостранымi каламi або матыкамi. Вырошчваўся пераважна ячмень. Гэта таксама час змены мацярынска-родавага ладу жыцця патрыярхатам.

Лёс плямёнаў усходнетшцінецкай культуры застаецца амаль невядомым. На Палессі не знойдзены пакуль помнікі позняга перыяду бронзавага веку (XI-VIII стст. да н. э.), за выключэннем паасобных рэшткаў глінянага посуду, некаторых вырабаў з бронзы, якія звязваюць з лебядоўскай культурай.

Читайте также: