Лельчыцы — Каменны век

Самыя старажытныя археалагічныя знаходкi на тэрыторыі Лельчыцкага р-на датуюцца мезалітам (9000-5000 гг. да н. э.) — эпохай сярэдняга каменнага веку. Паселiшчы людзей менавiта гэтага часу даследаваны каля в. Лiпляны (Ліпляны-2, Ліпляны-3, ва ўрочышчы Чырвоная Горка на ПнУ ад вёскі). Гэтыя тры помнiкi ўваходзяць у склад кудлаеўскай археалагiчнай культуры (ад назвы в. Кудлаеўка на р. Дзясна, што на Чарнiгаўшчыне), пашыранай на пэўнай тэрыторыі — Беларускiм i Украiнскiм Палессi, Кiеўска-Чарнiгаўскiм Падняпроўi.

Блiжэйшыя ад Лiплян помнiкi кудлаеўскай культуры вядомыя на Прыпяцi ля вёсак Беласарока і Крывiчы на Мазыршчыне, у басейне Вужа ля в. Броды Палескага р-на Кiеўскай вобл., у басейне Гарынi ля в. Вялiкi Мiдск Кастапольскага р-на Ровенскай вобл. i iнш. На думку польскага археолага С. К. Казлоўскага, плямёны кудлаеўскай культуры перасялiлiся на Палессе з Польскай нiзiны, а згодна з меркаваннем украiнскiх даследчыкаў Д. Я. Цялегiна i Л. Л. Залiзняк, яны генетычна звязаныя з больш старажытнымi палеалiтычнымi культурамi Сярэдняга Падняпроўя i Дона. Ад кудлаеўскай культуры засталiся толькi крамянёвыя рэчы, найбольш тыповымi сярод якiх лiчацца вастрыi з прытупленым бокам у спалучэннi з сярэдзiннымi праколкамi, пласцiнкамi з прытупленым бокам i iнш.

Знойдзеныя рэчы сведчаць, што асноўнымi прыладамi працы тагачасных жыхароў былi лук i стрэлы, разцы, скрэблы, сякеры, скоблi, праколкi, нажы, вырабленыя з крэменю, дрэва, косцi, а асновай гаспадаркi былi паляванне, рыбалоўства, збiральнiцтва.

Апроч помнікаў кудлаеўскай культуры на тэрыторыi Лельчыцкага р-на знойдзены паселiшчы янiславiцкай культуры канца эпохi мезалiту ў яе рудаастроўскiм варыянце, якая iснавала на Польскай нiзiне, у Беларускiм i Украiнскiм Палессi. На правым беразе Убарцi, на Пн ад в. Лiснае, на пясчаных узвышшах, названых Лiснае-2 i Лiснае-3, сабраны больш за 1200 крамянёвых прылад i рэшткаў ад iх апрацоўкi. З паселiшча Лiснае-2 да яніславіцкай (рудаастроўскай) культуры, верагодна, адносяцца своеасаблiвыя вастрыi, зробленыя на пласцiнках спосабам гэтак званага мiкраразцовага сколу, з затупленай рэтушшу асновай. На паселiшчы Лiснае-3 знойдзены разам пяць мiкрапласцiнак з прытупленым бокам, якiя быццам належалi да адзiнай састаўной прылады, таксама тыповых для гэтай культуры.


Крамянёвыя вырабы з паселiшчаў Ліснае-2, Лiпляны-3, Лiпляны-7. Малюнак. 1992 г.

У парэччы Убарці самая вялікая археалагічная калекцыя канца мезалітычнай эпохі (7707 крамянёвых вырабаў) знойдзена на стаянцы каля в. Майсеевічы Петрыкаўскага р-на. Найбольш сярод іх скрэблаў, якія выкарыстоўваліся для апрацоўкі скур і дрэва. Ёсць свердлы-праколкі, вастрыі, разцы, сякерападобныя прылады, рэтушаваныя пласціны-нажы, а таксама састаўныя часткі паляўнічага рыштунку і наканечнікі стрэлаў. Яшчэ адзін помнік яніславіцкай культуры знойдзены на беразе возера Карма ў Олеўскім р-не.

Для янiславiцкай культуры характэрныя вастрыi i трохкутнiкi так званага янiславiцкага тыпу. На думку польскiх i ўкраiнскiх даследчыкаў, носьбiты янiславiцкай культуры з’явiлiся на Беларускiм i Украiнскiм Палессi з Польскай нiзiны. Насельнiцтва янiславiцкай культуры займалася пераважна паляваннем, менш — рыбалоўствам i збiральнiцтвам; жыло па берагах вадаёмаў у наземных жытлах, якiя абагравалiся вогнiшчамi-кастрышчамi; памерлых хавалi ў магiльных ямах з ужываннем вохры. Выкарыстоўвалi таксама касцяныя прылады працы i падвескi з зубоў жывёлы. Для супольнага ладу жыцця тагачасных людзей была характэрная родавая арганізацыя. Родавыя грамады падтрымлівалі паміж сабою ўстойлівыя сувязі і аб’ядноўваліся ў плямёны.

Дзесьцi каля 7000 гадоў таму рэльеф зямлi i рачная сетка ў асноўным набылі сучасны выгляд, а Палессе стала царствам лiсцевых i хваёвых лясоў, паплавоў і вялікіх балотаў, якія далі прытулак розным відам жывёлы і птушак. Азёры і рэкі кішэлі рыбай. Згодна з археалагiчнай класiфiкацыяй, эпоха з канца 5-га тысячагоддзя i амаль да 2000-1800 гг. да н. э. называецца неалiтам — новым каменным векам.

Паступовае пацяпленне клiмату (цяплейшы за сучасны) спрыяла рассяленню людзей на ўзвышаных мясцiнах па берагах Прыпяцi i яе буйных прытокаў і праточных азёр. Такія мясціны былі зручнымі для паселішчаў, надзейным сховішчам, крыніцамі харчавання. Не было выключэннем і парэчча Убарці, якое было ўжо добра абжытае, стаянкі людзей неалiту зафiксаваны каля вёсак Глушкевiчы, Картынічы, Лiпляны і Лiснае (археалагічныя помнікі Ліснае-1, -2, -3, -4 ці Ліпляны-3), Майсеевічы (Майсеевічы-1, -2, -3, -4, -5 ці Убарцкая Рудня ва ўрочышчы Мардзвінскае Стойла), Мiлашэвiчы і Тартак.

Культурны пласт на стаянках, напрыклад каля в. Мiлашэвiчы i Тартак, складае ад 10 да 20 см. На жаль, раскопак тут не было, і толькі паверхневыя зборы i фiксацыя выявiлi крамянёвыя прылады i рэшткi посуду неалiтычнага часу. У асноўным прылады выраблялі з крэменю, які апрацоўваўся больш дасканала. Побач з ранейшымі спосабамі — аббіўкай, счэсваннем, сколваннем, рэтушаваннем з’явіўся спосаб шліфоўкі. У неаліце пачалі прышліфоўваць лёзы сякераў, робячы іх вастрэйшымі.

Дзякуючы выкарыстанню больш дасканалых прылад з крэменю, косці і рогу пашыралася апрацоўка дрэва. З яго рабілі посуд, дзяржанні прылад, дрэўкі коп’яў і стрэл, выдзёўбвалі чаўны, узводзілі гаспадарчыя пабудовы. Звычайна пляцоўкі паселішчаў былі невялікія, на іх будаваліся жытлы наземныя з палегчаным перакрыццём альбо заглыбленыя крыху ў зямлю. Кожнае жытло давала прытулак 6-10 чалавекам.

Неаліт адметны вынаходствам ляпнога глінянага посуду. Яго рабілі з гліняных стужак, надаючы адпаведную форму і пэўныя памеры. Гаршкi аздаблялiся грабянямі, наколкамi, насечкамi, ямкамi, пракрэсленымi лiнiямi. Завершаная рэч абпальвалася дзеля трываласці на агні. Каб посуд не трэскаўся, у гліну дадавалі раслінныя дамешкі, пазней зярністы пясок, жарству ці шамот. Тагачасныя керамiчныя пасудзіны з берагоў Убарцi мелі вострае, злёгку закругленае цi нават маленькае прыплясканае дно. У вогнішчы паміж камянёў такія гаршкі былі больш устойлівыя. У тыя часы людзі яшчэ не карысталіся сталамі, печамі з плоскім чарэнам. Вынаходства глінянага посуду дазволіла чалавеку харчавацца варанай стравай. Ёмістыя пасудзіны служылі для захоўвання пітва і ежы.

Неалiтычныя помнiкi з нiжняй Убарцi найчасцей уключаюцца даследчыкамi ў днепра-данецкую неалiтычную культуру (усходнепалеская група), альбо інакш — грабеньчата-ігольчатай керамікі. Культура гэтая склалася тут у 5000-4000 гг. да н. э. на аснове плямёнаў мясцовых мезалітычных культур. Усё патрэбнае для жыцця людзі знаходзілі побач: у лесе — шмат якія грыбы, ягады і лекавыя травы, дзічыну і птушыныя яйкі, у рацэ ці возеры — рыбу, асабліва ўюноў, і ракаў. Высушанае карэнне чароту, трыснягу, рагозу ператваралі ў муку. Гэта было прысвойвальнае гаспадаранне, бо чалавек браў сабе тое, што знаходзіў у гатовым выглядзе. Неалітычная эпоха — час росквiту мацярынска-родавага ладу жыцця.

Читайте также: