Лельчыцы — Археалагічныя знаходкі
Пэўны ўклад у назапашванне археалагічных крыніц зрабілі і мясцовыя краязнаўцы. Невялікія археалагічныя калекцыі зберагаюцца ў музеях некаторых сярэдніх школаў (найлепшая ў в. Мілашэвічы) і прыватных зборах (напрыклад, у настаўніка гісторыі Лельчыцкай СШ № 2 В. А. Чуніна).
Археалагічныя знаходкі. Фота. 1999 г.
Пры значнай колькасці выяўленых і апісаных старажытных паселішчаў і могільнікаў іх характарыстыка грунтуецца пакуль што ў асноўным на вынiках паверхневых збораў. Абапіраючыся на назапашаныя мясцовыя археалагічныя крыніцы і грунтуючыся на аналагах з суседніх тэрыторый, можна ў агульных рысах уявіць дагістарычны перыяд у жыцці насельніцтва Убарцкага Палесся — яго культуру, спосабы гаспадарання, узаемаадносіны з прыродай. Гэты перыяд не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, мы не ведаем назваў народаў і паселішчаў і вымушаны абыходзіцца іх адвольнымі пазнакамі.