Лельчыцы — Ваенныя пагрозы

У першай чвэрцi XIII ст. апрача палавецкiх набегаў на Русь (у летапiсах налiчваецца iх каля 37) значна ўзмацнiлiся сутычкi са шматлiкiмi ваяўнiчымi лiтоўскiмi плямёнамi. Так, у 1205 г. лiтоўцы напалi на сваiх усходнiх суседзяў i рабавалi цэрквы i манастыры. Северскiя князi Алегавiчы наладзiлi пагоню i разбiлi iх каля Мазыра. Вынiкам пагонi стала таксама тое, што Алегавiчы атрымалi ва ўдзел гарады Мазыр, Слуцк, iншыя вобласцi. Але ў пачатку 1230-х гг. Мазыр, верагодна, быў вернуты ў склад Кiеўскага княства.

Пасля разбурэння Кiева ў 1241 г. у мангола-татарскай ардзе знайшлiся ахвотнiкi наведаць палескiя гарады. Паводле мясцовых паданняў, яны ўварвалiся цераз Валынь у Мазыр, куды збегла шмат баяраў, манахаў i iншых людзей. У вынiку нападу ў горадзе не засталося каменя на каменi. Рускiя летапiсы, аднак, не называюць Мазыр у лiку разбураных гарадоў. Наступнымi гарадамi на шляху татараў, паводле паданняў, былi Петрыкаў i Тураў. Сеча тураўцаў з iмi адбылася на берагах Сцвiгi каля Старажавецка-Варварынскага манастыра. Але палешукi не ўстаялi, i залiты крывёю Тураў быў разрабаваны i спалены. Татарскiя атрады на чале з ханамi Гаюком i Кайданам рушылi далей на захад i заселi ў Давыд-Гарадку, адкуль нейкi час патрабавалi данiну з навакольных удзельных княстваў.

Буйныя татарскiя набегi адбылiся ў 1258, 1259, 1275 i 1287 гг. Заваёўнікі рабавалi маёмасць, зводзiлi людзей у палон, каб пасля прадаць на нявольнiцкiх рынках. Але накласцi сталую данiну, усталяваць сваю ўладу i кiраванне праз выдачу мясцовым князям «ярлыкоў», як гэта ўдалося зрабiць на рускiх землях, на Палессi татары не змаглi. Так аслабела i была разбурана старажытная Русь. Гэту спадчыну далучылi да сваіх уладанняў мацнейшыя суседнiя дзяржавы. Ёсць звесткi з не зусiм дакладнай крынiцы, што ў 1265 г. лiтоўскi князь Вiд, «его же люди волком звали, и там прибавил Деревския земли много к своему княжению».

Читайте также: