Лельчыцы — У складзе ВКЛ
У 1361 г. у Кіеве княжыў яшчэ татарскі спадручнік князь Фёдар. Наступнага году, разбіўшы татараў каля Сініх Водаў, вялікі князь літоўскі Альгерд Гедымінавіч вызваліў Кіеўшчыну ад татараў і далучыў да сваёй дзяржавы: «И оттоли от Подоля изгна власть татарскую сей Олгерд и инные руские державы во свою власть прият, и Киев под Федором князем взят, и посади в нем Володымера, сына своего; и поча над сими владети, им-же отци его дань даяху». Канчаткова Мазырская i Брагiнская воласцi Кiеўскага княства былі далучаны да Вялікага Княства Літоўскага ў 1350-1360-я гг. Летапісны «Спiс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст. упамiнае Мазыр сярод кiеўскiх гарадоў, гэта значыць, што ён захоўваў ранейшую адміністрацыйна-тэрытарыяльную прыналежнасць.
У Тураве яшчэ да 1385 г. княжылi нашчадкi тураўскiх князёў, бо прыкладна ў гэты час вялiкi князь Ягайла перадаў тураўскаму князю Фёдару замест Турава Астрог на Валынi.
Такім чынам, прыкладна з сярэдзіны XIV ст. Убарцкае Палессе апынулася ў складзе ВКЛ. Уладарніцтва літоўскіх князёў, здаецца, не парушыла традыцыйнага ладу жыцця, бо яны неаднаразова падкрэслівалі: «Мы старыны не рухаем і навін не ўводзім…» Скончыліся літоўскiя набегі, але працягваліся татарскія. Так, у 1390 г. перакопскiя татары напалі на Тураў і разбурылі яго.
У 1390 г. мiтрапалiт Кiпрыян пасвяціў на Тураўскую кафедру Феадосiя. Тураў быў спустошаны татарамi настолькі, што фактычна перастаў быць горадам. Епiскап вымушаны быў жыць у Ляшчынскiм манастыры каля Пiнска122. Наступныя тураўскiя ўладыкi таксама застаюцца жыць у Пiнску, а пры нагодзе — часова то ў Слуцку, то ў Мiнску. За хрышчэнне лiтоўцаў-язычнiкаў у 1404 г. за хадайнiцтва вялiкага князя Вiтаўта мiтрапалiт Кiпрыян пазбаўляе сана тураўскага ўладыку Антонiя з адабраннем белага клобука, рызнiцы, крынiцы i скрыжалi. Пры яго наступнiку Яўфiмiю Акушку (1416-1420) усiх праваслаўных цэркваў у Тураўскай епархii было каля 255, з іх 14 — у Тураве, 4 — у Мазыры, 166 — у сёлах i мястэчках.
Каталіцкі касцёл у Тураве заснаваўся каля 1414 г. праз фундацыю вялiкага князя Вiтаўта, але пазней быў поўнасцю знiшчаны. Аднак пасля Фларэнтыйскай унii папа Пiй II у буле за 1458 г. Тураўскую епархiю лiчыў ужо падуладнай Рыму.