I гэта — «светлае жыццё»?
Нядаўна ўзяў у рукi нашу раёнку “Светлае жыццё”. Нiбыта ўзяў — i па змесце, i афармленнi — газету 50-х гадоў мiнулага стагоддзя. Праўда, тады яна называлася “Па Сталiнскаму шляху”. Ды той прапагандысцкi бальшавiцкi дух i стыль засталiся амаль без змен, хаця на дварэ ўжо ХХI стагоддзе…
Усе не толькi еўрапейскiя, а i далёкiя афрыканскiя краiны глядзяць на свет другiмi вачыма. А мы ўсё не можам забыць “лiнiю Сталiна”, а многiя не хочуць успамiнаць жудасныя хапуны 1937 года, калi бальшавiцкiя карнiкi знiшчылi лепшых сыноў Беларусi. У нашым раёне ад iх рук загiнула нават больш, чым ад зверстваў фашысцкiх нелюдзяў у час акупацыi. Мясцовая ўлада i пальцам не паварушыла, каб увекавечыць памяць ахвяраў таталiтарнага рэжыму.
…Чытаю 3-ю старонку газеты “Светлае жыццё” за 1 жнiўня 2007 года, дзе надрукаваны, як i ў былыя савецкiя часы, вынiкi “сацыялiстычнага спаборнiцтва” па Лельчыцкiм раёне сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, жывёлагадоўчых ферм, брыгад за зiмнi стойлавы перыяд 2006—2007 гадоў. Усё, як у ХХ стагоддзi. Толькi прэмii за прызавыя месцы — курам на смех…
Вось глядзiце: за першае месца ў раённым спаборнiцтве даецца 15 базавых велiчынь — на сённяшнi дзень гэта 465 тысяч беларускiх рублёў за паўгода цяжкай сялянскай працы, без якой не пражыць нi акадэмiку, нi слесару, нi чыноўнiку, нi заканадаўцу. Гэтая сума крыху большая за 10% месячнага заробку (акладу i пенсii) нашага дэпутата ў так званай Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу. За другое месца вызначана 10 базавых велiчынь — 310 тысяч беларускiх рублёў, не больш за 8% месячнага акладу i пенсii таго ж дэпутата. Трэцяе месца — 5 базавых велiчынь. Гэта ўсяго 155 тысяч беларускiх рублёў, што складае каля 5% месячнага дэпутацкага заробку.
А што такога добрага зрабiлi нам тыя дэпутаты? Кожны з iх мог бы аплацiць (толькi месячным сваiм заробкам!) аж тры прызавыя месцы раённага спаборнiцтва сярод ферм i брыгад раёна, ды яшчэ за вылiкам гэтых 930 тысяч рублёў застаўся б не адзiн мiльён “на дробныя выдаткi”…
Скажаце, нядобра лiчыць грошы ў чужой кiшэнi. Дык я ж не пра чужых, а пра “сваiх” — народных — дэпутатаў, якiя ад нашага народнага iмя штампуюць законы дзеля нiбыта нашага ж, народнага, дабрабыту. Такiх законаў дзеля “светлага жыцця” напрымалi, што аж зелянее ўваччу. Вось гэта i ёсць праўда “беларускага эканамiчнага цуда”. А наш дэпутат яшчэ i камунiст. Я на яго месцы, калi б сам быў дэпутатам i камунiстам, то для добрага прыкладу iншым свой заробак хаця б за месяц падарыў шматдзетным сем’ям ягонай Палескай акругi. Мне хапiла б i пенсii, якая складае ў яго больш за мiльён рублёў…
Я ж зараз неяк iсную на 300 тысяч беларускiх рублёў сваёй пенсii. А працоўны стаж у мяне — 42 гады без улiку працоўнага калгаснага малалецтва. Тады падлеткам працаваў “за палачкi”, ды стаж той не залiчылi. Маўляў, да 16 гадоў у нас забараняецца “эксплуатаваць дзяцей”. Гуманная забарона, што i казаць, толькi ў рэальнасцi ўсё было наадварот. Тая “гуманнасць” абярнулася незалiкам дзiцячай, нароўнi з дарослымi, працы. Памятаю, як брыгадзiр калгаса сядзеў ля акна нашай хаты ўжо ў чатыры гадзiны ранiцы, каб я не заспаў i не спазнiўся акучваць бульбу…
Васiль Пятровiч СIНIЦКI, пенсiянер, Лельчыцкi раён.