Фотавыстава Наталлі Дораш «Палешукі»

З 16 па 29 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе фотавыстава Наталлі Дораш «Палешукі».

Наталля Дораш нарадзілася ў горадзе Гродна ў 1952 годзе. Захаплялася фатаграфаваннем яшчэ ў юныя гады. Яна – ветэран народнага фотаклуба «Горадня», удзельніца шматлікіх клубных выстаў. Яе фатаграфіі адзначаліся дыпломамі і ўзнагародамі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, персанальныя фотавыставы праходзілі ў Гродне, Маскве, Мінску. Наталля працягвае займацца фатаграфіяй, друкуецца ў часопісах, з’яўляецца аўтарам фотаблога рэгіянальнай газеты «Вечаровая Горадня».

У 18 гадоў Наталля стала пазаштатным фотакарэспандэнтам абласной газеты, атрымаўшы навыкі фотажурналістыкі ў дасведчаных калег. Далейшая прафесійная дзейнасць Наталлі злучана з фатаграфіяй і журналістыкай. У сярэдзіне 70–х гадоў падчас вучобы ў БДУ на факультэце журналістыкі Наталля пазнаёмілася са студэнтам юрфака, выйшла за яго замуж. Пасля вяселля яны разам паехалі на малую радзіму мужа ў вёску Букча Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Першыя ўражанні пра гэты старажытны Тураўскі край і яго карэнных жыхароў ляглі ў аснову 37–гадовага цыкла фатаграфій пра палешукоў.

Кожны раз, калі яна прыязджала ў вёску наведаць бацькоў мужа, здымала іх побыт, сялянскую працу, сама прымала ўдзел у нарыхтоўцы сена, зборы ягад і грыбоў, ездзіла на рэчку Колак лавіць рыбу, пасябравала з вясковай дзятвой. Душэўная адкрытасць, дабрыня і ветласць – гэтыя чалавечыя якасці жыхароў Палесся, якія жывуць у гармоніі з акаляючай іх прыродай, яе натхнялі і дарылі творчую радасць. Здымак 1979 года «Дзедавы яблыкі» быў ёю пададзены на ўсесаюзную міжклубную фотавыставу «Свет сучасніка– 82» і заваяваў залаты медаль.

У экспазіцыі “Палешукі” змешчана больш як паўсотня фота жыхароў вёскі Букча, створаных з 1976 па 1985 год. Наталля Дораш рабіла фатаграфіі, калі прыязджала на малую радзіму свайго мужа. Тады, 36 гадоў таму, аўтар здымала родных і суседзяў. Партрэты сівога мужчыны ў бялюткай, як яго валасы, кашулі, выявы басаногіх хлапчукоў, якія сядзяць на плоце, жанчыны ў святочных строях… Не менш цікавыя і цяперашнія фота жыхароў Тураўшчыны. Толькі на сучасных здымках усё больш можна ўбачыць людзей сталага веку, а не моладзь…

Работы — шчырыя і пранізлівыя, як і галоўныя героі сюжэтаў. Фатограф прызналася, што любіць рабіць партрэты людзей сталага веку, таму што яны — захавальнікі гісторыі і традыцый вёскі. Праект “Палешукі” Наталлі Дораш крытыкі параўналі са здымкамі Зоф’і Хамянтоўскай, якая паказала жыццё палешукоў 1-й паловы XX стагоддзя. Здаецца, паралелі — не выпадковыя, таму што для іх крыніцай захаплення стала Палессе…

Читайте также: